Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

я́касць, ‑і, ж.

1. Характэрная адзнака, істотная ўласцівасць, якая адрознівае адзін прадмет ад другога. Страявы афіцэр, капітан, гэты чалавек дзіўным чынам спалучаў у сабе многія якасці, самыя супрацьлеглыя. Шамякін.

2. Ступень прыгоднасці, вартасці чаго‑н. Якасць прадукцыі. □ [Гарлахвацкі:] Што да даклада, то ад яго якасці залежыць ваш [Тулягі] лёс у першую чаргу. Крапіва. Міхась лічыцца сёння.. адказным за якасць друку. Брыль. Аптымістычнасць — выдатная якасць мастацтва. Бугаёў.

3. У філасофіі — катэгорыя, якая выражае істотную пэўнасць прадмета, дзякуючы якой ён з’яўляецца іменна гэтым прадметам, а не іншым. Пераход колькасці ў якасць.

4. У шахматнай гульні — розніца ў цэннасці цяжкай фігуры (ладдзі) у параўнанні з лёгкай фігурай (канём, сланом).

•••

Дзяржаўны знак якасці гл. знак.

Інспекцыя па якасці гл. інспекцыя.

У якасці каго-чаго — як хто‑н. або што‑н.

я́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. У мовазнаўстве — вымаўляць ненаціскны гук «е» як «а» («я») пасля мяккіх зычных у першым складзе перад націскам.

2. Разм. Выхваляючыся, вельмі часта паўтараць у размове «я». Не звык я змалку якаць, Ды ў справе важна — Якасць! Барадулін. [Яўген:] — Не тое што, як другі — каторы любіць выстаўляцца, штосьці якаць: — Я! я! Баранавых.

які́, ‑ая, ‑ое; займ.

1. пытальны. Абазначае пытанне аб якасці, уласцівасці каго‑, чаго‑н. «Патрэбны тэмпы», — сказаў Куніцкі. — «Якія тэмпы?» — «Такія. Бальшавіцкія». Самуйлёнак. І хто яны? Якія людзі? Мо праўды светлае сыны? Куды ідуць? Чаго там блудзяць? З якою помстаю для суддзяў Нясуць на сэрцы кайданы? Трус. // Абазначае пытанне аб часе і парадку з’яўлення каго‑, чаго‑н. У якой колькасці і якім парадкам паедзем на палявыя работы? // Каторы іменна, каторы па парадку. Якая ж цяпер гадзіна? □ Ох, гэта дзецям знаць цікава, Калі якая будзе страва?.. Колас. // Ужываецца ў рытарычных пытаннях і воклічах у значэнні: «зусім не», «хіба», «ніякі». — Які з цябе будзе муж! — сказала Мальвіна, калі Адам прапанаваў выйсці за яго замуж. Корбан. І стралок з .. [Талаша] быў не кепскі: які ж ён быў бы паляшук, каб не ўмеў добра страляць? Колас.

2. азначальны. Выражае захапленне, здзіўленне якасцю, уласцівасцю каго‑, чаго‑н. Якія горы! А сады якія! Панчанка. Час не так вялікі, а якія змены! Колас. — І якая дзяўчына! — хваліў Веру Рыгор Паўловіч. — Партызанка, камсамолка, мае медаль «За баявыя заслугі». Арабей. // (у спалучэнні са словам «вось»). Такі. Латаны кажушак Ці такая ж світка, Лапці на сем вушак — Вось які Мікітка. Крапіва. Калі строга разбірацца ў фактах, то хата, аб якой была тут гутарка, не зусім дведава хата.. Шэсцьдзесят гадоў таму назад прыстаў Талаш у прымы да Насці Балыгі.. Вось якім парадкам стаў Талаш уладаром гэтай хаты. Колас. // (у спалучэнні са словам «хоць»). Любы, магчымы, усякі. Хоць які там салдацкі пачастунак, але ён, відаць, быў дарагі для дзіцяці. Няхай. Можа, хоць сукеначку [Нюрка] якую сабе справіць, пальцечка, не будзе локцямі свяціць. Гіль.

3. неазначальны. Разм. Які-небудзь, якісьці. Праз якіх хвілін пяток вартавы асцярожна падсунуў.. [Васілю Іванавічу] пад галаву нечую ватоўку, пакрыў шынялём. Лынькоў. Пільня патроху скрыпела, і не на адны толькі вайсковыя патрэбы. Праўда, цывільных рабочых тут было ўсяго якіх чалавек дзесяць. Чорны. [Люська:] — Хто той чарнявы? У будзёнаўцы?.. Брат ваш ці сваяк які блізкі-далёкі? Ракітны. // Каторы. Дзе ж вы хаваліся? Мой жа стары які дзень шукае вас па лесе. Дзенісевіч.

4. адносны. Падпарадкоўвае даданыя азначальныя сказы. Наперадзе.. цягнулася паласа альховых кустоў, праз якія працякаў ручай. Шамякін. Прыгоды, якія пачаліся яшчэ раніцой, не скончыліся для людзей пад самы вечар. Лынькоў. Чырвонаармеец узышоў на гнілы ганак, усходы якога ляжалі на падстаўленых камянях. Чорны. / Пры наяўнасці суадноснага слова ў галоўным сказе. З-пад гаці спакойна цякла рэчка, несучы тую порцыю вады, якую прызначалі ёй будаўнікі. Колас. [Русаковіч:] Я гавару пра тыя дасягненні, якія ўжо выкарыстоўваюцца на перадавых заводах. Крапіва.

5. адносны. Падпарадкоўвае даданыя дапаўняльныя сказы. Не гадаю, з якое дарогі ўбачу я край любы мой. Панчанка. Якая гэта была надзея, на што накіроўвалася яна, якая яе была сутнасць — Раман не мог разабрацца. Колас. / Пры наяўнасці суадноснага слова ў галоўным сказе. Помню, я думаў пра тое, які дзень там, у нас, за Дняпром. Шамякін.

6. адносны. Падпарадкоўвае даданыя выказнікавыя сказы. Які ты ў быту, такі ты і на справе. Корбан. [Ціхан:] — А наш народ угору ўзняўся, Васіль Іванавіч, не той ён, якім быў у тыя гады. Лынькоў. Якая работа, такая і плата. Прыказка.

7. адносны. Падпарадкоўвае даданыя дзейнікавыя сказы. Сустракаліся і такія, якія нібы абмяклі адразу, страцілі ўсякую волю і жылі раслінным жыццём, абы дзень пражыць. Лынькоў.

•••

З якой (гэта) ласкі? гл. ласка.

Калі што якое гл. што.

На якое ліха (лаянк.) гл. ліха.

Не лезе ні ў якія вароты гл. лезці.

Ні за якія грошы гл. грошы.

Ні ў якім выпадку гл. выпадак.

Ні ў якой меры гл. мера.

Якая розніца? гл. розніца ​1.

Які з сябе (сабою)? — як выглядае? (пра знешнасць чалавека).

Якім ветрам (прыгнала, занесла, прынесла) гл. вецер.

Якім макарам гл. макарам.

Якога чорта гл. чорт.

які́сь, якаясь, якоесь; займ. неазначальны.

Разм. Тое, што і якісьці. І раптам — быццам узмахнуў рукою якісь чарадзей — луг зноў набыў сваю ўчарашнюю прывабнасць. Кірэенка.

які́сьці, якаясьці, якоесьці; займ. неазначальны.

1. Ужываецца ў выпадках, калі цяжка вызначыць якасць, уласцівасць каго‑, чаго‑н.; азначае: невядома, няясна які. А ў садку гудуць чмялі і пчолы, І струны дзіўныя якіясьці звіняць. Глебка. Знайшоўся якісьці добры чалавек, нарабіў бабінай хатцы падпорак і абклаў яе прызбаю. Якімовіч.

2. Ужываецца пры характарыстыкі якіх‑н. адмоўных з’яў ці якасцей. Гэты ў мяне якімсьці сліняком гадуецца. У-у, ты, бесхрыбетны! — і Марцін грэў Станіслава па плячах кулаком. Карпюк.

які́е́будзь, якая-небудзь, якое-небудзь; займ. неазначальны.

1. Той ці іншы, любы з падобных. [Зёлкін:] А хіба ў вас сакрэты якія-небудзь з Чарнавусам? Крапіва. Намеціўшы сабе якую-небудзь мэту, Булай не мог спыніцца на паўдарозе. Шыцік.

2. Не варты ўвагі; нязначны, нікчэмны. — Машына — гэта ж вам не які-небудзь аблезлы конь. Пальчэўскі.

3. Які набліжаецца да пэўнай колькасці, не перавышае пэўную колькасць. Ён вернецца праз якіх-небудзь дваццаць мінут. Да вёскі заставалася якіх-небудзь 2 кіламетры.

•••

Хоць які-небудзь — хоць бы самы нязначны, самы маленькі, самы дрэнны.

які́-ніякі́, якая-ніякая, якое-ніякое; займ. неазначальны.

Разм.

1. Некаторы, нейкі. Якія-ніякія дрэвы абгарэлі.

2. Які папала; няважны, нязначны. Плечы старога былі прыкрыты якімі-ніякімі лахманамі.

якра́з,

1. прысл. У гэты час, у гэты момант. Тут якраз увайшоў у хату дзядзька Антось. С. Александровіч.

2. прысл. У поўнай адпаведнасці, дакладна, у самы раз. Кузня стаяла якраз насупраць бацькавай хаты. Каваленка. Порткі яго [Алега] прыйшліся палоннаму амаль якраз. Брыль. Уля памерала тады — лодачкі былі якраз па назе. Паўлаў.

3. прысл. Іменна, менавіта. Новыя доследы якраз больш цікавяць юных натуралістаў, заахвочваюць іх да працы. Дубоўка. [Багушэвіч] не проста малюе карціны сялянскага жыцця, а выбірае якраз тыя, дзе можна найлепей выявіць трагізм існавання сялянскага класа. Навуменка.

4. прысл. (у спалучэнні са словам «як»). Кропля ў кроплю. Сын — якраз як бацька. □ Зрабілася ад ліўняў і ад сонца [вушанка] Якраз як сівагракава крыло... Барадулін. Якраз як і ў аўтобусе Гуд зыбкі ў галаве. Смагаровіч.

5. у знач. вык. Як па мерцы, як на мяне (на яго, на яе). Аднойчы прымераў [світар]. Якраз на мае плечы. І ўзор наш, мой. Янкоўскі.

6. у знач. часціцы. Ужываецца для большай канкрэтызацыі, удакладнення асобы ці прадмета, для ўзмацнення якасці каго‑, чаго‑н. [Макар Белкін:] — Вось... Начальніка цэха Мышкоўскага можна крытыкнуць. Працуюць у яго там дрэнна, без аганьку. Якраз кандыдатура ў сатырычную газету. Шымук. Шмат год назад сказаў выдатна Маркс: Жыццё для чалавека — барацьба. Відаць, праблема першая якраз Перамагчы ў самім сабе раба. Семашкевіч. А Грышка тым часам бегаў каля ракі. Якраз па тым баку ішоў з вудамі рыбак. Колас. // Ужываецца для падкрэслівання і азначэння таго, што маецца на ўвазе; сапраўды, так, праўда. Анежка, якраз як дзіця, сарамліва апусціла вочы. Броўка. А Рыгор якраз падыходзіць да мясцовых умоў: селянін і гэткі верны сацыялізму. Гартны.

яку́т,

гл. якуты.

яку́тка,

гл. якуты.