Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

якабі́нец, ‑нца, м.

1. Гіст. Прадстаўнік рэвалюцыйна-дэмакратычных слаёў французскай буржуазнай рэвалюцыі канца 18 ст., член якабінскага клуба.

2. Уст. Чалавек рэвалюцыйных перакананняў; вальнадумец.

якабі́нскі, ‑ая, ‑ае.

1. Гіст. Які мае адносіны да якабінца (у 1 знач.), якабінства (у 1 знач.). Якабінская дыктатура.

2. Уст. Рэвалюцыйных вальнадумны.

•••

Якабінскі клуб — палітычная арганізацыя перыяду французскай буржуазнай рэвалюцыі канца 18 ст.

якабі́нства, ‑а, н.

1. Гіст. Прынцыпы і палітычны рух якабінцаў (у 1 знач.).

2. Уст. Характар думак і дзеянняў, уласцівы якабінцу (у 2 знач.). Загорскі адышоў ад спраў. Дэманстратыўна заняўся пакланеннем таму, што ён разумеў пад екацярынінскім духам і што на самай справе было якабінствам. Караткевіч.

я́кавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да яка ​1. Якавае малако.

я́канне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. якаць.

2. У мовазнаўстве — вымаўленне ненаціскнога галоснага «е» як «а» («я») пасля мяккіх зычных у першым складзе перад націскам.

я́кар, ‑а, м.

1. Прыстасаванне для ўтрымання на месцы суднаў, плывучых маякоў і пад. у выглядзе металічнага стрыжня з лапамі, якія зачэпліваюцца за грунт. 22 кастрычніка 1857 года параход «Нахімаў» зняўся з якара і пакінуў Расію. «Полымя». // Эмблема маракоў з адбіткам такога стрыжня з лапамі. Прыйшоў капітан — на сінім Кіцелі ззяюць якары. Калачынскі.

2. Спец. Рухомая частка электрычнай машыны пастаяннага току. Скарачаю разгон ключа, падымаю крыху якар магніта — апарат гучыць выразна, чыста. Шынклер.

3. Разм. Рыбалоўны кручок з трыма зубцамі. Я гляджу на пусты крук і ківаю галавой: як умудрыўся шчупак украсці з якара жыўца? Шашкоў.

•••

Мёртвы якар — нерухомы якар, які пастаянна ляжыць на дне (для ўстаноўкі плывучых маякоў, бочак, прыпынку суднаў).

Рыскавы якар — невялікі якар для манеўравання пры рыску судна.

Кінуць якар гл. кінуць.

Стаць на якар гл. стаць.

Якар ратунку — апошні сродак ратунку, апошняя надзея.

я́карніца, ‑ы, ж.

Рачная палубная баржа для перавозкі такелажу пры змацаванні плытоў на суднаходных рэках.

я́карны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да якара. Якарны канат вісеў дугой, цягнучыся за караблём. Б. Стральцоў. // Прыстасаваны для стаяння суднаў на якары. Якарная стаянка.

я́каснасць, ‑і, ж.

Уласцівасць якаснага. Якаснасць прадукцыі. Якаснасць сяўбы.

я́касны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да якасці (у 3 знач.). Якасныя змены.

2. Высокай якасці; дабраякасны. — Хай у Баброва баліць галава, дзе дастаць цэменту, — гаворыць Сакоўская. — А тынкоўку будзем рабіць якасную. Мыслівец.

•••

Якаснае прыслоўе — у граматыцы — прыслоўе, утворанае ад якаснага прыметніка.

Якасны аналіз — у хіміі — даследаванне саставу рэчыва, вызначэнне ўваходзячых у яго склад элементаў.

Якасны прыметнік — у граматыцы — прыметнік, што абазначае такую якасць або ўласцівасць прадмета, якая можа праяўляцца з рознай ступенню інтэнсіўнасці.