яку́ты, ‑аў; адз. якут, ‑а, М якуце, м.; якутка, ‑і, ДМ ‑тцы; мн. якуткі, ‑так; ж.
Народ, які складае асноўнае насельніцтва Якуцкай АССР.
яку́цкі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да Якуціі, якутаў, які належыць, уласцівы ім. Якуцкія песні. Якуцкая мова.
як-не́будзь, прысл.
1. Якім-небудзь чынам, спосабам; так або інакш. — Дык пераходзь да мяне, — шчыра прапанаваў дзед Лукаш. — Як-небудзь памесцімся. Усё лепш, чым па дварэ. Якімовіч. — Бяжы, дачушка, — сказала мне маці, — завярні [карову] як-небудзь к дому. Лось.
2. Калі-небудзь. Зайдзі да мяне як-небудзь.
як-нія́к, прысл.
1. У нейкай меры, пэўным чынам. Гэту прапанову Турсевіч зразумеў, як захады з боку сябра вярнуць згоду і ранейшую дружбу паміж імі, што як-ніяк былі парушаны нядаўнімі спрэчкамі. Колас. Слон пакуль што як-ніяк трымаўся на нагах. Маўр.
2. у знач. пабочн. Усё ж такі. Вось і ўсё. Канчаецца дарога, Я Еўропу шчыра ўсю абняў. Разглядаў і строга і не строга, Як-ніяк, а з ёю мы радня. Панчанка. Як-ніяк, тыя людзі, з якімі можа давядзецца жыць і працаваць, глядзяць на яго [Сцяпана] няласкава. Гроднеў.
ял, ‑а, м.
Спец. Суднавая рабочая і вучэбная вёсельна-парусная шлюпка з дзвюма, трыма і чатырма парамі вёсел.
[Ад гал. jol.]
я́лавасць, ‑і, ж.
Часовая адсутнасць прыплоду ў самак сельскагаспадарчых жывёл (пераважна кароў).
я́лавець, ‑ее; незак.
1. Быць у стане ялавасці.
2. Ляжаць аблогай, не апрацоўвацца. Надакучыла ялавець — рук чалавечых запрагла зямля. Скрыган.
я́лавіна, ‑ы, ж.
Зямля, не араная некалькі гадоў запар; аблога. Юрась заараў ялавіну. Чорны. [Грушка:] — На вашай зямлі за вайну стала многа аблог ці, як кажуць у нас, ялавін. Пестрак.
я́лавінны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да ялавіны. Ялавіннае поле.
я́лавіца, ‑ы, ж.
Ялавая карова; ялаўка. Карова Яўмена шэсць гадоў была ялавіцай, а на сёмы год узяла ды ацялілася. Жычка.