Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

што́парны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да штопара, з’яўляецца штопарам. Штопарнае падзенне самалёта.

што́парыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; незак.

Спускацца, падаць штопарам (у 2 знач.). Самалёт з енкам штопарыць да зямлі... Місько.

што́ра, ‑ы, ж.

Заслона на акно (радзей на дзверы), якую можна падымаць, апускаць або рассоўваць у бакі. Апусціць шторы. Рассунуць шторы. □ Адкінуўшы шчыльную жоўтую штору, маёр зірнуў у акно. Навуменка. [Пакой] злёгку зацяняўся прыапушчанымі шторамі. Ракітны. Ротмістр замкнуў стол і цвёрдаю, хуткаю хадою выйшаў з кабінета ў другія дзверы, завешаныя штораю. Колас.

[Фр. store.]

што́равы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да шторы. Шторавы шнур.

штора́з, прысл.

Кожны раз. Колькі светлых пачуццяў падымаецца ў душы, калі чытаеш.. творы [Чорнага], штораз адкрываючы ў іх усё новыя скарбы. Вітка. [Міколка] ласкава гладзіў шурпатыя шчокі ў маршчынах і, штораз цалуючы, гаварыў, гаварыў: — Які ж ты, дзед, слаўны чалавек... Лынькоў. // З кожным разам, раз ад разу. — Ты толькі, Міхась, не накідайся адразу на яду, — асцерагаў Міхася Пятрусь: — бо мама штораз будзе даваць смачнейшую страву. Колас. Чорны дым над полымем уздымаецца штораз вышэй. Брыль. // Вельмі часта; вельмі хутка. [Доктар] пацепваў высокімі пляч[а]мі, штораз папраўляў на носе акуляры. М. Стральцоў. Толькі сілы слабеюць штораз, Штохвіліны цяжэй усё дыша [конь]. Гэтак блізка жаданы папас, Але смерць за папас яшчэ бліжай. Глебка.

штора́ніцы, прысл.

Кожную раніцу, кожнай раніцай. Калісьці дзядзька Ціхон растлумачыў мне, што такі перапынак, такое агульнае маўчанне бывае ў птушак вясною штораніцы. Паслядовіч. [Мальвіна] з дзяўчатамі цягала да саду салому, сухі леташні бульбоўнік і штораніцы дымам абкурвала яблыні, каб не пашкодзіў мароз. Дуброўскі.

што́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

Памянш.-ласк. да штора; невялікая штора. Жнівеньскі вецер варушыў зялёную шторку на адчыненым акне вагона. Савіцкі.

шторм, ‑у, м.

Моцны вецер, бура на моры, акіяне, вялікім возеры. Пурга ў паветры, Шторм на моры, А сэрца прагне цеплыні. А. Александровіч. Паўночнае мора сустрэла нас штормам. Панчанка. Хвалі білі ў бераг усё часцей і часцей: па ўсяму відаць было, што хутка пачнецца шторм. Кулакоўскі.

[Гал. storm.]

штормтра́п, ‑а, м.

Спецыяльная вяровачная лесвіца з драўлянымі перакладзінамі, якая спускаецца за борт для прыёму і высадкі людзей у час шторму.

[Гал. storm — шторм і trap — лесвіца.]

што́рны, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і шторавы. Шторная тканіна. Шторны шнур.