Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

шпіталізава́цца, ‑зуецца; незак.

Зал. да шпіталізаваць.

шпіталізава́ць, ‑зую, ‑зуеш, ‑зуе; зак. і незак., каго.

Змясціць (змяшчаць) хворага ў бальніцу або шпіталь. Шпіталізаваць хворага.

шпіталіза́цыя, ‑і, ж.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. шпіталізаваць.

шпіта́ль, ‑я, м.

Лячэбная ўстанова або бальніца, звычайна вайсковая. Палявы шпіталь. □ На ганку шпіталя нас сустракае маладзенькая дзяўчына — у белым адзенні санітаркі і ўся ў святле калідора. Брыль. Кручын прыехаў дахаты са шпіталя, дзе яму ампуціравалі па калена раструшчаную асколкам снарада нагу. Хадкевіч.

[Ням. Spital.]

шпіта́льны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да шпіталя. На палі вярталіся Людзі ад зямлі, — У каго шпітальныя Раны зажылі. Куляшоў. Пасля шпітальнай палаты ў лесе дыхалася надзвычай лёгка. Федасеенка.

шпіц 1, ‑а, м.

Уст. Тое, што і шпіль (у 1 знач.). З мільённага людскога мурашніку, што трапятаў перад Ганнінымі вачыма, рэльефна выступала фігура Рыгора. Гэта фігура засланяла сабою і гмах Ісакіеўскага сабора, і шпіц Петрапаўлаўкі. Гартны.

[Ням. Spitze.]

шпіц 2, ‑а, м.

Невялікі пакаёвы сабачка, які мае вузкую морду, стаячыя вушы і пушыстую густую поўсць. «Дзе ж праўда ёсць? — падумала яна [балонка]. — Каму павага? Шпіцам ды аўчаркам?» Корбан.

[Ням. Spitz.]

шпіцру́тэны, ‑аў; адз. шпіцрутэн, ‑а, м.

Гіст. Доўгія гнуткія дубцы або палкі, якімі білі салдат, злачынцаў у дарэвалюцыйнай Расіі, праганяючы іх праз строй. А гэта была сама тая пара, калі свіст шпіцрутэна зліваўся са звонам кайданаў. Лужанін.

[Ням. Spießrute.]

шпіяна́ж, ‑у, м.

Злачынная дзейнасць шпіёна (шпіёнаў). Не менш бязлітасна грабіла, эксплуатавала сялян і гарадскі люд духавенства, пускаючы ў ход побач з грубым насіллем усякага роду падман, подкуп, шпіянаж, інтрыгі. Алексютовіч.

[Ням. Spionage.]

шплінт, ‑а, М ‑нце, м.

Спец. Дэталь у выглядзе невялікага драцянога стрыжня, якая выкарыстоўваецца ў машынабудаванні для замацавання на вале дробных дэталей і папярэджвання самаадкручвання гаек. — Ну! Віцька гайку адкруціў і шплінт дастаў. Вось, кажа, праз гэты шплінт зламалася важная дэталь. Трэба, маўляў, усё развінчваць. Савіцкі.

[Ням. Splint.]

шплінтава́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. шплінтаваць.