Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

хі́трыкі, ‑аў; адз. няма.

Хітрыя прыёмы, выверты. Усур’ёз [дзядзька Яўтух] гаворыць, а я ўсе яго хітрыкі бачу: хай, маўляў, нагаворацца сабе, хай адны пабудуць брыгадзір з трактарысткаю. Бялевіч. [Міця] добра бачыў хітрыкі рудога круцяля, які галасней за ўсіх крычаў, абвінавачваючы другіх у парушэнні правіл. Навуменка. // Круцельства, падман. Ёсць на хітрыкі майстры: Не рыхтуюцца да ўрокаў, А глядзяць, каб бокам-скокам Жыць шпаргалкай да пары. Кірэенка. [Мікола:] — Ты адгарадзіўся ад людзей высокім плотам, думаў лажыцца на хітрыках і махінацыях. Краўчанка. // Выбрыкі, гарэзлівыя штукі, свавольства. Хлапчукі пусціліся на хітрыкі.

хітры́нка, ‑і, ДМ ‑нцы, ж.

Разм. Нейкая доля хітрасці (звычайна ў выразе: з хітрынкай). Праўда, недзе ў глыбіні душы, недзе там, у адным з закутачкаў сэрца, адна думка з хітрынкай пашэптвала: «Не слухай іх, Віця». Даніленка. — Я прапаную, — Апейка глядзеў усё з хітрынкай, — улічваючы абстаноўку — пераходную форму. Мележ. Чорныя вочы глядзяць адкрыта, на той харошай мяжы яшчэ ўсё ледзь не дзіцячай шчырасці і першай дзявочай хітрынкі. Брыль.

хітры́ць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; незак.

Праяўляць хітрасць. Відаць, толькі гордасць не дазваляла прызнацца, як цяжка быць дачкой генерала, як даводзіцца хітрыць, каб не сказаць дома праўды, куды ідзеш. Карпюк. — Не, у мяне яшчэ ёсць справы, — Мядзведзеў хітрыў: ён не хацеў бесцырымонна выпраўляць капітана з кабінета. Асіпенка.

хітрэ́нны, ‑ая, ‑ае.

Вельмі хітры. [Драч:] А бабачка нішто сабе... гладкая... Нашым дзеўкам да цябе... Куды ім... Падабаешся... [Нінель:] І ты — мне. [Драч:] Ну і хітрэнная, халера! Губарэвіч.

хітрэ́ц, ‑раца, м.

Хітры чалавек; хітрун. [Колька:] — Калі ж ты іх [алоўкі] купіў? От хітрэц, разам хадзілі і я не бачыў. Чарнышэвіч.

хіхі́канне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. хіхікаць, а таксама гукі гэтага дзеяння. [Чырвонаармеец] пачуў лёгкае хіхіканне мужчын. Бядуля. Тонкае хіхіканне Смагула і залівісты рогат Мікешкі вывелі з сябе Паўліка. Беразняк.

хіхі́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Спадцішка або ціха смяяцца. Каля дуба нехта хіхікаў, баючыся засмяяцца ўголас. Пестрак. [Гараська] смяецца спачатку ціха, хіхікае, пасля рагоча. Сачанка.

хіхі́кнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак. і аднакр.

Абазвацца смяшком. Хтось у натоўпе хіхікнуў, але на яго цыкнулі кабеты і ён адразу ж змоўк. Дуброўскі.

хіці́н, ‑у, м.

Арганічнае рэчыва групы вугляводаў, якое ўваходзіць у склад знешняга покрыва членістаногіх, а таксама абалонак клетак грыбоў, некаторых відаў водарасцей і бактэрый.

[Ад лац. chitimum з грэч. chitōn — хітон.]

хіці́навы, ‑ая, ‑ае.

Які складаецца з хіціну. Хіцінавыя ўтварэнні. Хіцінавы панцыр.