Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

трымце́нне, ‑я, н.

Дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. трымцець. Трымценне бубна. □ Расплюшчыла [Ніна] павекі — прывід знік, засталося толькі шчымлівае трымценне пад сэрцам. Б. Стральцоў. Трымценне напала па Ігнася, і зрабілася холадна. Мурашка. Дробнае трымценне пальцаў выдавала хваляванне старога паляўнічага. Ігнаценка.

трымце́ць, ‑мчу, ‑мціш, ‑мціць; незак.

1. Быць ахопленым трымценнем; дрыжаць, калаціцца. [Лоўгач] толькі цяпер заўважыў чырвоныя плямы на белых абвіслых шчоках, заўважыў, як трымціць у Марфы абвіслая губа.. Савіцкі. Трымцелі рукі, млела здаровая нага, а на хворую балюча было ступаць, кружылася галава. Місько. // Мігаць, мігацець (пра агонь, святло). Чаму сярод зорных гронак, Што ў рэчку зляцелі з кручы, Як абручальны пярсцёнак. Трымціць маладзік бліскучы? Макаль. // Перарывіста, няроўна гучаць (пра голас, гукі). Голас .. [Валі] надрываўся, трымцеў, і вочы былі поўныя жалю і смутку. Гроднеў. // Утвараць з рознымі адценнямі гукі. Так ад раніцы і да вечара Ён [шпак] трымцеў у сто дзевяць адценняў, Быццам цёплае чалавечае У прастор пераліць хацеў ён. Чэрня. // Трэсціся, калыхацца. Лістота трымцела над галавою і рэдка падала. Пташнікаў. А мая бярозка стаяла, пазірала на ўсё гэта і, здаецца, задаволена варушыла галінкамі, на якіх з гарэзным імпэтам трымцелі лісточкі і гайдаліся каташкі. Васілёнак. Трымцяць багуны і асокі І смокчуць ваду чараты. Калачынскі. // Дрыжаць (пра лёгкі рух паветра, смуту, марыва і пад.). Нагрэтае паветра трымцела на фоне блакітнага далягляду. Беразняк. Стаяла гарачыня, над палямі з ранку да вечара трымцела празрыстае марыва. Чаркасаў. // Злёгку калыхацца, пакрывацца рабізною (пра ваду, раку і пад.). Ад лёгкага павеву ветрыка вада рабацілася, трымцела. Пальчэўскі. Гайдаецца шумна сасна, і хвалі трымцяць на азёрах. Глебка. // перан. Узмоцнена і часта біцца (пра сэрца). Малыя, .. стараючыся не паказаць адзін аднаму, што сэрца трымціць ад страху, лазілі ў зараснікі. Мележ. І ў грудзях маіх сэрца трымціць Нераскрытай вясковай пупышкай. Бураўкін. Антон Паўлавіч ішоў дадому, а сэрца соладка трымцела ад задавальнення. Пянкрат. // чым. Часта рухаць, варушыць. Калі сонца прабівалася скрозь краны, часамі, нібы з другога свету, вырываўся і хутка-хутка трымцеў цёмнымі крыльцамі матылёк. Карпюк. // Махаючы крыламі, трымацца ў паветры (пра птушак, матылькоў і пад.). Нібы падвешаныя на нітачцы, трымцелі на адным месцы ў паветры ледзь бачныя птушачкі. С. Александровіч.

2. Дрыжаць, трапятаць ад моцнага хвалявання, якога‑н. унутранага пачуцця. [Кастусь:] — Не трэба мне .. грошай, калі за іх апошнім сабакам, трэба быць і вечна трымцець ад страху. Машара. // перан. Прабівацца, праяўляцца, выяўляцца дзе‑н., у чым‑н. Але недзе ў грудзях яшчэ трымціць радасць, і ты адчуваеш, што тое, што было, застанецца назаўсёды ў тваёй душы, як дарагі скарб. Асіпенка. Недзе на самым дне душы .. [Барыса Хмары] трымцела крыўда. Васілевіч.

3. Дрыжаць, калаціцца ад удараў, стуку і пад. Хвалі з такой сілай білі ў барты, што сцены каюты трымцелі дробна-дробна. Лынькоў. Ходырам хадзілі драбіны, на калдобінах і паваротах падлятаў насціл, трымцелі атосы. Жычка.

4. перан.; перад кім-чым і без дап. Адчуваць страх, баязлівасць перад кім‑, чым‑н. Стаіць на адным месцы Марыля, трымціць, калоціцца... А паны варочаюць кублы, куфры ў хаце, растрасаюць усё, выбіраюць, .. пакуюць... Нікановіч.

трына́ццаты, ‑ая, ‑ае.

Ліч. парадк. да трынаццаць. Трынаццатая гадзіна. Трынаццаты кіламетр.

трынаццацігадо́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Узростам у трынаццаць год. Трынаццацігадовы хлопчык. □ У 1911 годзе адкрыта аб адной толькі К. Буйло, трынаццацігадовай тады паэтэсе, Багдановіч сказаў, што яна «абяцае развіцца ў праўдзіва асабісты талент». Лойка.

2. Працягласцю ў трынаццаць год. Трынаццацігадовы перапынак у рабоце.

трына́ццаць, ‑ццаці, Т ‑ццаццю, ліч. кольк.

Лік і лічба 13. Напісаць трынаццаць. // Колькасць, якая абазначаецца лічбай 13. Трынаццаць кніг. □ Яшчэ больш сур’ёзны стаўся Сцёпка, скончыўшы пачатковую школу. А гэта было ўжо тады, калі Сцёпка меў трынаццаць гадкоў. Колас.

трынітраталуо́л, ‑у, м.

Выбуховае рэчыва, якое выкарыстоўваецца для артылерыйскіх снарадаў, мін, авіябомбаў і на надрыўных работах; тратыл, тол.

тры́нкаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., на чым.

Разм. Неакуратна або няўмела іграць на якім‑н. музычным інструменце. [Каця:] — Алёша — сапраўдны чалавек... А ты [Рая], ты заводзіш шуры-муры з гэтым старым смаўжом... толькі праз тое, што ён умее трынкаць на гэтым тваім паламаным раялі. Шамякін.

трыно́га, ‑і, ДМ ‑нозе, ж.

Разм.

1. Тое, што і трыножак. Сяргей скінуў чаравікі. Маці ўжо завіхалася ля камінка, распальвала трэскі пад трыногай. М. Стральцоў. Запрасілі фатографа з вялізнай трыногай, і ён сфатаграфаваў хлопцаў разам з усімі выхаванцамі. Нядзведскі. — Усе ўжо там, — злосна матнуў .. [Лёва] галавой у бок геаграфічнай пляцоўкі. — На, трымай! — і перадаў мне трыногу тэлескопа. Шыловіч. На прыпечку, на трынозе ў маленькім чыгунчыку булькае бульба. Грахоўскі.

2. Пута, якім звязваюць пярэднія ногі каня з адной задняй.

трыно́жак, ‑жка, м.

Падстаўка на трох ножках, а таксама прыстасаванне рознага прызначэння, якое складаецца з трох палак, жэрдак і пад. Маці з Маняй начысцілі бульбы, расклалі на камінку агонь і паставілі чыгунок на трыножак. Якімовіч. За разложыстым дубам я заўважыў нізенькі трыножак — мальберт з няскончаным эцюдам. Ракітны.

трыно́жка, ‑і, ДМ ‑жцы; Р мн. ‑жак; ж.

Жалезны абруч на трох ножках, які з’яўляецца падстаўкай для чыгуна, катла і пад. у час гатавання ежы на адкрытым агні. У бледным полымі стаіць трыножка, на якой — вялікі чыгун. Брыль. Выраўняўшы плыты ля нізкага берага, .. [плытагоны] прыносілі ў лагчыну трыножку і чыгунок для юшкі, разводзілі вогнішча. Карамазаў. // Козлы, да якіх падвешваецца кацёл.