Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ро́зрух, ‑у, м.

Разм. Тое, што і разруха. Кругом пааставаліся сляды непрыбраных бярвенняў, недакончаных стрэх, лініі новых дарог ды дзялянак. Ці не гэта розрухам называў Гарасім? Скрыган.

ро́зум, ‑у, м.

1. Вышэйшая ступень пазнавальнай дзейнасці чалавека, здольнасць лагічна мысліць, асэнсоўваць навакольную рэчаіснасць. Ніколі не страціць для нас цікавасці чалавек, бо праяўленне яго розуму бязмежна. Колас. Колькі жывой сілы тоіцца ў чорнай з гаркаватым пахам тарфяной глебе! Прыкладзі хоць крыху розуму! — і чэрпай поўнымі прыгаршчамі золата! Новікаў. // Інтэлект як процілегласць пачуццю. [Ігнась] шкадаваў матку, а розум, па прыродзе не хлапечы, падказваў, што трэба зрабіць нешта такое, каб маці не плакала. Мурашка. Рыта ведала — Вігдароўскі з пароды тых людзей, у душы якіх дзіўная зладжанасць розуму і пачуццяў. Навуменка.

2. Здольнасць мысліць, разумець; разумовыя здольнасці чалавека. Слабаваты .. [Хведар] быў сілаю, затое меў галаву з розумам. Якімовіч. [Бонч-Бруевіч] ветліва спаткаў .. [Мяснікова], бо паважаў за дзелавітасць, востры розум і прынцыповасць. Гурскі.

•••

Ад (з) вялікага розуму — здуру, па дурасці.

Бог розуму не даў гл. бог.

Брацца (узяцца) за розум гл. брацца.

Выжыць з розуму гл. выжыць.

Дайсці да розуму гл. дайсці.

Дайсці сваім розумам гл. дайсці.

Жыць сваім розумам гл. жыць.

Жыць чужым розумам гл. жыць.

Заднім розумам моцны (багаты) гл. моцны.

З дурнога розуму — здуру, па дурасці.

Кароткі розум — пра слабы, невялікі розум.

Набрацца розуму гл. набрацца.

На добры розум — тое, што і на добры лад (гл. лад).

На мой (дурны) розум — па-мойму, на маю думку.

Наставіць, навесці на розум гл. наставіць.

Не майго (твайго, нашага і г. д.) розуму справа гл. справа.

Не ў (пры) сваім розуме — пра псіхічна ненармальнага чалавека.

Розум за розум зайшоў — пра стан, калі чалавек не можа разумна разважаць або дзейнічаць.

Розуму не дабраць гл. дабраць.

Страціць розум гл. страціць.

Схадзіць па розум гл. схадзіць.

У (пры) сваім розуме — у нармальным псіхічным стане (быць, знаходзіцца і г. д.).

Ухапіцца за розум гл. ухапіцца.

розумазаключэ́нне, ‑я, н.

Форма мыслення, якая дае магчымасць з пэўных ведаў, выказаных у двух і больш суджэннях, атрымліваць суджэнні з новымі ведамі.

ро́зыгрыш, ‑у, м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. разыгрываць — разыграць (у 3, 5 знач.).

2. Нічыйны вынік гульні.

ро́зыгрышны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да розыгрышу.

ро́іла, ‑а, н.

Абл. Беспарадак, хаос. У думках, у пачуццях, у адчуваннях панавала роіла, і ў роіле гэтым блыталася, гублялася развага. Мікуліч.

рой, ‑ю; мн. раі, ‑ёў; м.

1. Сям’я пчол (або іншых падобных насякомых), якія ўтвараюць на чале з маткай адасобленую групу. З дзедавых расказаў .. [Міхалка] ведаў, што рой доўга не сядзіць на месцы, што матка, вывеўшы з вулля сваю маладую сям’ю, толькі чакае высланых разведчыкаў, якія паляцелі шукаць новае месца для рою. Якімовіч.

2. Вялікая колькасць насякомых або птушак, якія кружацца ў паветры. Рой мошак віўся перад .. тварам [Нявады]. Чорны. / Пра сняжынкі, лісце і пад., якія кружацца ў паветры. Узмахне Зіма рукавом кажуха і рой сняжынак, быццам белыя матылькі, сыплецца на зямлю. Даніленка. Над палянаю кружыўся залаты рой кляновага лісця. Шамякін.

3. у знач. прысл. ро́ем. Чарадой, гуртам, у вялікай колькасці. Гарачым летнім днём Вол з ворыва вяртаўся. Напрацаваўся, аж хістаўся. За ім жа куча аваднёў Ляцела роем. Крапіва. Па рэйках роем пстрыкалі кулі. Машара.

4. перан.; каго-чаго або які. Мноства, вялікая колькасць каго‑, чаго‑н. Над вогнішчам узвіваецца цэлы рой залатых іскрынак. Курто.

•••

Віцца роем гл. віцца.

ро́йны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да рою (у 1 знач.). Ройны вулей.

ро́кат, ‑у, М ‑каце, м.

Раскацістыя гукі, якія зліваюцца ў манатонны гул. Рокат матора, .. рэзкі шум барабана зліліся ў суцэльны гул. Хадкевіч. Недалёка бліснула маланка, і праз лязгат гусеніц данёсся рокат грому. Мележ. Мора бушавала, яго рокат аглушыў юнака, ахапіў усю істоту. Жычка. // Густое, прыглушанае гучанне галасоў. Гудзе сход, як цёмная пушча пад напорам буры. Асобных слоў не чуваць, адзін густы рокат поўніць школьную залу. Колас. // Меладычныя, пералівістыя гукі. Беларусь гукае, кліча Больш, чым нечых мораў шквал, Сваёй даллю маляўнічай, Сваім рокатам цымбал. Кірэенка.

ро́кер, ‑а, м.

У фігурным катанні на каньках — асабліва складаная фігура.

[Англ. rocker.]