розум, ‑у, м.

1. Вышэйшая ступень пазнавальнай дзейнасці чалавека, здольнасць лагічна мысліць, асэнсоўваць навакольную рэчаіснасць. Ніколі не страціць для нас цікавасці чалавек, бо праяўленне яго розуму бязмежна. Колас. Колькі жывой сілы тоіцца ў чорнай з гаркаватым пахам тарфяной глебе! Прыкладзі хоць крыху розуму! — і чэрпай поўнымі прыгаршчамі золата! Новікаў. // Інтэлект як процілегласць пачуццю. [Ігнась] шкадаваў матку, а розум, па прыродзе не хлапечы, падказваў, што трэба зрабіць нешта такое, каб маці не плакала. Мурашка. Рыта ведала — Вігдароўскі з пароды тых людзей, у душы якіх дзіўная зладжанасць розуму і пачуццяў. Навуменка.

2. Здольнасць мысліць, разумець; разумовыя здольнасці чалавека. Слабаваты .. [Хведар] быў сілаю, затое меў галаву з розумам. Якімовіч. [Бонч-Бруевіч] ветліва спаткаў .. [Мяснікова], бо паважаў за дзелавітасць, востры розум і прынцыповасць. Гурскі.

•••

Ад (з) вялікага розуму — здуру, па дурасці.

Бог розуму не даў гл. бог.

Брацца (узяцца) за розум гл. брацца.

Выжыць з розуму гл. выжыць.

Дайсці да розуму гл. дайсці.

Дайсці сваім розумам гл. дайсці.

Жыць сваім розумам гл. жыць.

Жыць чужым розумам гл. жыць.

Заднім розумам моцны (багаты) гл. моцны.

З дурнога розуму — здуру, па дурасці.

Кароткі розум — пра слабы, невялікі розум.

Набрацца розуму гл. набрацца.

На добры розум — тое, што і на добры лад (гл. лад).

На мой (дурны) розум — па-мойму, на маю думку.

Наставіць, навесці на розум гл. наставіць.

Не майго (твайго, нашага і г. д.) розуму справа гл. справа.

Не ў (пры) сваім розуме — пра псіхічна ненармальнага чалавека.

Розум за розум зайшоў — пра стан, калі чалавек не можа разумна разважаць або дзейнічаць.

Розуму не дабраць гл. дабраць.

Страціць розум гл. страціць.

Схадзіць па розум гл. схадзіць.

У (пры) сваім розуме — у нармальным псіхічным стане (быць, знаходзіцца і г. д.).

Ухапіцца за розум гл. ухапіцца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)