Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

мніх, ‑а, м.

Уст. Манах.

мні́цельнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць мніцельнага.

мні́цельны, ‑ая, ‑ае.

Які бачыць небяспеку, непрыемнасць там, дзе іх няма; недаверлівы, беспрычынна падазроны. [Наталля:] Вы страшэнна мніцельны і выдумляеце сабе ўсялякія страхі. Крапіва.

мні́шка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.

Уст. Манашка.

мно́га, прысл.

1. У вялікай колькасці, у вялікай ступені; не мала. Лес быў вялікі і глухі, зверыны рознай ды птаства многа вадзілася. Чарнышэвіч. Гэты вечар даў многа спакою Марыне Паўлаўне. Зарэцкі. // (пры выш. ст. і з прыназ. «на»). Значна, у значнай ступені. Многа больш. На многа раней. □ На многа вёрст былі відаць з гары Адсюль палі жытоў і канюшыны. З. Астапенка.

2. Больш, чым патрэбна; лішне. Так ужо многа даставалася беднаму Цімошку з-за гэтага чорнага быка. Пападала яму ад чужых, пападала і ад сваіх. Колас.

•••

Ні многа ні мала — якраз столькі, роўна столькі (звычайна пра вялікую колькасць чаго‑н.).

многа... (а таксама мнага...).

Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню слову «многа», напрыклад: многакватэрны, многаматорны, многаметровы.

многаабяца́ючы, ‑ая, ‑ае.

1. Які падае вялікія надзеі. Многаабяцаючы вучоны.

2. перан. У якім заключаецца намёк на што‑н., абяцанне чаго‑н. Многаабяцаючая назва кнігі.

многаакто́вы, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які складаецца з некалькіх актаў. Многаактовая п’еса.

многааперацы́йны, ‑ая, ‑ае.

Які патрабуе для свайго выканання многіх аперацый. // Які выконвае многія аперацыі. Многааперацыйны станок.

многабако́васць, ‑і, ж.

Уласцівасць і якасць многабаковага. Многабаковасць інтарэсаў.