Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

драннава́ты, ‑ая, ‑ае.

Разм. Не зусім дрэнны. Драннаватае надвор’е.

дранцве́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.

Дзеравянець, нямець, страчваць адчувальнасць. Ад холаду дранцвелі рукі і ногі, але ..[Эдазі] плыў і плыў уперад. Каваль. Шкада было матораў гэтых машын, шкада было шафёраў, рукі якіх дранцвелі ад напружання. Кулакоўскі.

дра́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад драць.

2. у знач. прым. Разадраны на кавалкі. [Шпалеры] звісаюць дзе-нідзе дранымі шматкамі. М. Стральцоў.

3. у знач. прым. Зношаны да дзірак, падраны. Дранае адзенне. □ Возчык — стараваты напалоханы дзядзька ў драным кажуху — боязна прыткнуўся ў перадку. Быкаў.

4. у знач. прым. Здробнены на тарцы. Курловіч еў .. [бліны] з лоем і хваліў за смак, прызнаваўся, што надта любіць увосень бліны з дранай неляжалай бульбы і пшанічнай мукі. Дуброўскі. / Пра стравы. Драныя аладкі.

драп, ‑у, м.

Тоўстая шарсцяная або паўшарсцяная тканіна, з якой шыюць верхняе адзенне.

[Фр. drap — сукно.]

дра́павы, ‑ая, ‑ае.

Зроблены з драпу. Драпавае паліто.

драпа́к 1, ‑а, м.

Уст. Спружыноўка.

драпа́к 2, ‑а, м.

У выразе: даць (задаць) драпака гл. даць.

дра́панне, ‑я, н.

Дзеянне паводле дзеясл. драпаць ​1 і драпацца (у 2 знач.), а таксама гукі гэтага дзеяння. Драпанне кіпцюрамі па дзвярах. Чуваць драпанне мышэй.

драпану́ць 1, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., каго-што.

Разм. Аднакр. да драпаць ​1.

драпану́ць 2, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

Разм. Паспешліва ўцячы; даць драпака. Не толькі Данік, а і ўсе дзеці нібы чакалі толькі сігналу, каб драпануць адгэтуль на двор. Брыль. Як убачыў .. [Трахіма] Сенька, адразу драпануў у лазняк і знік. Краўчанка.

дра́паны, ‑ая, ‑ае.

З драпінамі, у драпінах. Драпаныя сцены.

дра́пацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Мець прывычку драпаць. [Ленка] ужо ўмела смяяцца, хапаць за валасы, за нос, драпацца. Шамякін. // Тое, што і драпаць ​1. Лапкі драпаліся, на твар наліпала павуцінне, за каўнер сыпалася ігліца. М. Ткачоў.

2. Скрэбці, драпаць па чым‑н. з мэтай пранікнуць куды‑н. Сабака драпаецца ў дзверы.