Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

бяздзе́тнасць, ‑і, ж.

1. Бясплоднасць, няздольнасць мець дзяцей.

2. Адсутнасць сваіх дзяцей.

бяздзе́тны, ‑ая, ‑ае.

1. Які не можа мець дзяцей, бясплодны. У Эмы няма цяпер пакойчыка з асобным ходам, яна жыла ў нейкіх пенсіянераў, пры якіх быў яшчэ жанаты сын з бяздзетнаю жонкай. М. Стральцоў.

2. Які не мае сваіх дзяцей. Смяюха — гэта жанчына гадоў пад шэсцьдзесят, бяздзетная і замужам ніколі не была. Кулакоўскі.

бяздзе́туха, ‑і, ДМ ‑тусе, ж.

Разм. Бяздзетная жанчына. Сама Антоля бяздзетуха і старая ўжо, не можа адна даць рады сваёй гаспадарцы. Якімовіч.

бяздо́глядны, ‑ая, ‑ае.

Які расце, жыве без догляду. [Алесь] хацеў бы цяпер быць табе [настаўніцы] удзячным за падарунак яго амаль бяздогляднаму малалецтву. Брыль.

бяздо́казнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць бяздоказнага; адсутнасць доказаў; недаказанасць. Бяздоказнасць абвінавачання.

бяздо́казны, ‑ая, ‑ае.

Не падмацаваны доказамі; недаказаны, галаслоўны. Не разумеў я аднаго, чым кіраваўся і што думаў Мятлюг, выступаючы з такой бяздоказнай крытыкай нарыса. Сабаленка.

бяздо́лле, ‑я, н.

Разм. Адсутнасць шчаслівай долі; нядоля. Плакала маладзіца над сваім бяздоллем, і квас, які піла, быў з горкімі слязамі. Хадкевіч.

бяздо́льнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць бяздольнага; бяздолле.

бяздо́льнік, ‑а, м.

Разм. Той, у каго няма шчаслівай долі; нешчаслівы чалавек.

бяздо́льніца, ‑ы, ж.

Разм. Жан. да бяздольнік.