Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

хвасці́сцкі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да хвасцізму, уласцівы хвасцістам. Хвасцісцкая ідэалогія.

хвасяну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

Разм. Аднакр. да хвастаць.

хват, ‑а, М хваце, м.

Разм. Бойкі, спрытны чалавек. Пшэбора — дзеяч з пастарунка, Не проста дзеяч — хват і зух. Колас. [Валейбалісты] лёгка і прыгожа перакідвалі адзін другому мяч, а ўсім сваім выглядам быццам крычалі: вось якія мы хваты, толькі паглядзіце на нас! Карпюк.

•••

Хват-баба гл. баба ​1.

хвата́льны, ‑ая, ‑ае.

Разм. Тое, што і хапальны.

хватану́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

Разм. Аднакр. да хватаць.

хвата́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

Разм. Тое, што і хапацца. [Боганчык] бег, угрэўшыся, як у лазні, расшпіліў сарочку і хватаўся ў дзве рукі за грудзі. Пташнікаў.

хвата́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

Разм. Тое, што і хапаць (у 1–4 знач.). Устаў ледзь свет, хватаю вуду, Бягу на бераг Тартака. Смагаровіч. Больш сотні здаровых галасоў.. гучна хваталі вясёлы прыпеў. Чорны.

хва́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Спосаб, прыём, якім хапаюць, схопліваюць што‑н. Учэпістая хватка. □ Сяргей здзіўляў інжынераў сваёй імклівасцю, напорыстасцю. .. Былі ў яго добрая хватка, дакладны разлік, энергія!.. Мяжэвіч. // перан. Манера дзейнічання каго‑н. [Ціхончык:] — Дык вось Ганчароў з Белагорцавым агітнулі мужчын з чужой зоны і ўзялі іх у атрад. Узялі без зброі. Але цяпер у кожнага ёсць або вінтоўка, або аўтамат. Партызанская хватка, нічога не скажаш. Дзенісевіч. [Шаройка:] — Эге! Пазнаю бацькаву хватку! Шамякін. Пазбаўлены драпежніцкай хваткі і гаспадарскай учэпістасці, .. [Мацвей] усё сваё жыццё гібее, калоціцца, азлоблены і няшчасны. Перкін. // Спрыт у чым‑н. Бяры пракос, наколькі просіць хватка, Не замінай адно, а то падрэжуць — Няхай сабе і старшынёвы — пяткі! Зуёнак. Усе думалі, што .. [Юлька] са сваёй хваткай, калі не горы стане варочаць, то зоркі з неба хапаць. Гроднеў. Зусім малады юнак быў, а ўжо — з прафесійнай рабочай хваткаю. Карамазаў.

•••

Мёртвая хватка — а) хватка ў сабак і некаторых іншых жывёл, калі доўга не разнімаюцца сківіцы; б) пра здольнасць упарта, не адступаючыся, дабівацца свайго.

хва́ткі, ‑ая, ‑ае.

Разм. Які спрытна, учэпіста хапае, схоплівае што‑н. Хваткія рукі. / у перан. ужыв. Зрэдку сустракаліся нізкарослыя дубкі, кучаравілася хваткая шыпшына, расшытая аранжавымі ягадамі. Караткевіч. // перан. Спрытны, кемлівы. Кожны з нас бадзёры, упарты, хваткі, Мы яшчэ не зведалі тугі. Прануза.

хваці́цца, хвачуся, хвацішся, хваціцца; зак.

Разм. Тое, што і хапіцца.