хватка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
Спосаб, прыём, якім хапаюць, схопліваюць што‑н. Учэпістая хватка. ▪ Сяргей здзіўляў інжынераў сваёй імклівасцю, напорыстасцю. .. Былі ў яго добрая хватка, дакладны разлік, энергія!.. Мяжэвіч. // перан. Манера дзейнічання каго‑н. [Ціхончык:] — Дык вось Ганчароў з Белагорцавым агітнулі мужчын з чужой зоны і ўзялі іх у атрад. Узялі без зброі. Але цяпер у кожнага ёсць або вінтоўка, або аўтамат. Партызанская хватка, нічога не скажаш. Дзенісевіч. [Шаройка:] — Эге! Пазнаю бацькаву хватку! Шамякін. Пазбаўлены драпежніцкай хваткі і гаспадарскай учэпістасці, .. [Мацвей] усё сваё жыццё гібее, калоціцца, азлоблены і няшчасны. Перкін. // Спрыт у чым‑н. Бяры пракос, наколькі просіць хватка, Не замінай адно, а то падрэжуць — Няхай сабе і старшынёвы — пяткі! Зуёнак. Усе думалі, што .. [Юлька] са сваёй хваткай, калі не горы стане варочаць, то зоркі з неба хапаць. Гроднеў. Зусім малады юнак быў, а ўжо — з прафесійнай рабочай хваткаю. Карамазаў.
•••
Мёртвая хватка — а) хватка ў сабак і некаторых іншых жывёл, калі доўга не разнімаюцца сківіцы; б) пра здольнасць упарта, не адступаючыся, дабівацца свайго.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)