Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

хво́сцік, ‑а, м.

Памянш.-ласк. да хвост (у 1–8 знач.).

•••

З хвосцікам — з лішкам, з невялікім дабаўленнем. Гадоў.. [Арцёму] было дваццаць з хвосцікам, а ці доўгі быў гэты хвосцік, ён, пэўна, і сам не ведаў. Машара.

Мышыны хвосцік — пра вельмі тонкую касу з рэдкіх валасоў.

хвось, выкл. у знач. вык.

Разм. Ужываецца паводле дзеясл. хвастаць (у 1 знач.) — хвастануць. Дубцом хвось каня.

хвошч, хвашчу, м.

Шматгадовая споравая травяністая расліна сямейства хвашчовых з зялёнымі, звычайна галінастымі сцёбламі і лускаватым лісцем. Палявы хвошч. Балотны хвошч.

хво́я, ‑і, ж.

1. Вечназялёнае дрэва сямейства хваёвых з высокім прамым ствалом і доўгай ігліцай; сасна. Люблю я лес, адвечны бор, Дзе ўзносяць хвоі ўгору шапкі. Колас. Стромкія хвоі ўзнімалі свае вяршыні над лесам, нібы яны сябравалі з Вялікай Мядзведзіцай. Краўчанка.

2. зб. Абл. Ігліца. Крайнія хаты стаялі амаль пад самымі соснамі, так што шышкі і хвоя заляталі ў двары. Шамякін. // Пра пах ігліцы. Пахла хвояй. Чырвоныя мурашкі паўзлі па сухім моху, па пнях. Бядуля.

3. Галінка хвойнага дрэва. Чырвань, хвоя на дамах, Лозунгі, вядома. Броўка. // Хваёвы лес; сасняк. Зялёны ранак сонечнай нядзелі Не можа радасць цішыні ўтаіць. Відаць, субота добра пагудзела, Калі ў хвоях шум яшчэ стаіць. Чэрня.

хе, выкл.

Разм. Ужываецца для перадачы кароткага жартаўлівага, часам іранічнага смяшку. — Хе, — пасміхаецца бацька. — Большая марока — сад вырасціць, сілу яму даць. Ракітны. [Мяснікоў:] — А дзетак не прыбавілася? [Касач:] — Хе! Чаму не! Гурскі.

хе́дар 1, ‑а, м.

Рабочая частка збожжаўборачнага камбайна.

[Англ. header.]

хе́дар 2, ‑а, м.

Яўрэйская пачатковая рэлігійная школа для хлопчыкаў.

[Стараж.-яўр.]

хек, ‑а, м.

Марская прамысловая рыба сямейства трасковых.

хема..., хемі...

Першая састаўная частка складаных слоў, якая па значэнню адпавядае словам: «хімія», «хімічны», напрыклад: хемасінтэз, хематрапізм, хемілюмінесцэнцыя.

[Ад грэч. chēmeia.]

хемаге́нны, ‑ая, ‑ае.

Спец. У выразе: хемагенныя адкладанне — асадкі і пароды, якія ўзніклі шляхам хімічнага асаджэння разнастайных рэчываў з раствору і накаплення іх на дне вадаёмаў.

хемарэцэ́пцыя, ‑і, ж.

Успрыманне аднаклетачным арганізмам або спецыялізаванымі клеткамі мнагаклетачнага арганізма хімічных раздражняльнікаў, якія прысутнічаюць у знешнім або ўнутраным асяроддзі.