хваці́ць, хвачу, хваціш, хваціць; зак., каго-што, чаго і без дап.
Разм. Тое, што і хапіць (у 1–8 знач.). І як там будзе з той зямлёю? Не хваціш голаю рукою, — Няпэўна ўсё і невядома. Колас. [Жаночы голас:] — Нясечанае бульбы [карова] хваціла і кашляе. Чорны.
хва́цкасць, ‑і, ж.
Уласцівасць хвацкага. Ва ўсім тым, што ні рабіў цяпер [Васіль], як бы хваліўся хвацкасцю сваёй, спрытам. Мележ.
хва́цкі, ‑ая, ‑ае.
1. Удалы, спрытны; маладзецкі. Пахмурна і ўрачыста выглядалі хвацкія хлопцы з пачэснага каравула. Лынькоў. [Клаўдзія Пятроўна:] — Я і не ведала, што ты [Харытон Ігнатавіч] ў мяне такі хвацкі прамоўца. Васілёнак.
2. Разм. Вельмі добры, слаўны. [Дзед:] — Кара цяпер добра здымаецца, свісцёлкі дужа хвацкія будуць. Рылько. Боты не надта хвацкія: да старых, абшарпаных халяў прышыў Адам галоўкі. Навуменка. // Вясёлы, заліхвацкі. З балалайкай у Андрэя заўсёды спалучалася ўяўленне шырокай вуліцы рускага сяла, хвацкай прыпеўкі. Пестрак. З прыемнасцю чуў, як падпяваў сабе гэты вясковы хвацкі танцор, слоў не знаходзячы ад весялосці. Брыль.
3. Разм. Спрытны, умелы. Хвацкія рукі ў дзеда. □ Паглядзеў пан на работу ды кажа: — Ты, чалавеча, хвацкі майстар, але такую штуку, відаць, не патрапіш зрабіць, — і падаў Паўлюку сцізорык, дзе было многа ножыкаў і розных іншых прычындалаў. С. Александровіч.
4. Разм. Прыдатны для выкарыстання, ёмкі. Хвацкі рубанак. □ Даніла тым часам нікнуў за шафу і дастаў адтуль вельмі ж хвацкую кавеньку. Сабаленка.
хваць, выкл. у знач. вык.
Разм. Ужываецца паводле знач. дзеясл. хватаць — хваціць. [Ціт:] — Ну, і заехаў я яму ў пысу за балбатню... Тут і счапіліся. Наваліліся, тузаемся. Дык ён, Ігнат гэты, хваць зубамі... за самую, гэта, макаўку... Кавалёў.
хвашчо́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да хвашчу. Хвашчовае карэнішча. // Які ўтварыўся з хвашчу. Хвашчовы торф.
2. у знач. наз. хвашчо́выя, ‑ых. Сямейства вышэйшых споравых травяністых раслін, да якога адносяцца хвашчы.
хвілі́на, ‑ы, ж.
1. Тое, што і мінута (у 1 знач.). [Пятро:] — Да пасадкі заставалася хвілін дзесяць палёту. Мележ. Конан махнуў рукою: у нашым вясковым жыцці пяць хвілін — не час. Лобан.
2. Кароткі прамежак часу; момант, імгненне. Выходзіш. Хвіліну глядзіш, як хістаюцца Пад ветрам асіны над скошанай пожняю. Панчанка. Хурс цяпер цёрся каля ўсялякіх інтэнданцкіх кіраўніцтваў, .. але ні на хвіліну не спускаў вока з глухіх дарог. Чорны. // якая або чаго. Пэўны, чым‑н. прыкметны прамежак часу. [На плошчу] і сходзяцца людзі, каб пагутарыць аб сваіх справах ці проста каб правесці вольную хвіліну. Колас. Цяжкая хвіліна расставання заўсёды хвалюе. Няхай.
•••
З хвіліны на хвіліну — скора, вось-вось.
У адну хвіліну — вельмі хутка.
Хвіліна ў хвіліну — у час, у дакладна ўстаноўлены тэрмін.
хвілі́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Памянш.-ласк. да хвіліна.
•••
Адну хвілінку — просьба трохі пачакаць.
На хвілінку — на кароткі час, ненадоўга.
хвілі́нны, ‑ая, ‑ае.
Кароткачасовы, які хутка праходзіць. Глухі стогн прарэзаў хвілінную цішыню. Лынькоў. Але .. [Максім] ужо ўзяў сябе ў рукі, і вытрымка.. узяла верх над хвіліннай слабасцю. Машара.
хві́ля, ‑і, ж.
Разм. Тое, што і хвіліна. У полымя бітвы ішлі вы [воіны] рашуча, А сэрца не знала ні хвілі спакою. Броўка. Усё жыццё.. [Тэкля] была загнана ўсімі, і калі нават бывалі хвілі радасці, то вочы не пакідалі выразу вечнага смутку. Бядуля.
хво́йка 1, ‑і, ДМ хвойцы; Р мн. хвоек; ж.
1. Памянш.-ласк. да хвоя: маладая, невялікая хвоя. Раскусціўся пры дарозе ракітнік, падраслі хвойкі на пясчаным узгорку. Грахоўскі. Уязджаем у лес. Спачатку рэдкія хвойкі, голыя бярозы, алешнік. Лынькоў.
2. зб. Абл. Ігліца. Жоўтая хвойка ўсцілала дол. Мурашка. Хоць хвойку жую, але на волі жыву. Прымаўка.
хво́йка 2, ‑і, ДМ хвойцы; Р мн. хвоек; ж.
Жук чорнага або бурага колеру, шкоднік хваёвых дрэў.