хва́цкі, ‑ая, ‑ае.
1. Удалы, спрытны; маладзецкі. Пахмурна і ўрачыста выглядалі хвацкія хлопцы з пачэснага каравула. Лынькоў. [Клаўдзія Пятроўна:] — Я і не ведала, што ты [Харытон Ігнатавіч] ў мяне такі хвацкі прамоўца. Васілёнак.
2. Разм. Вельмі добры, слаўны. [Дзед:] — Кара цяпер добра здымаецца, свісцёлкі дужа хвацкія будуць. Рылько. Боты не надта хвацкія: да старых, абшарпаных халяў прышыў Адам галоўкі. Навуменка. // Вясёлы, заліхвацкі. З балалайкай у Андрэя заўсёды спалучалася ўяўленне шырокай вуліцы рускага сяла, хвацкай прыпеўкі. Пестрак. З прыемнасцю чуў, як падпяваў сабе гэты вясковы хвацкі танцор, слоў не знаходзячы ад весялосці. Брыль.
3. Разм. Спрытны, умелы. Хвацкія рукі ў дзеда. □ Паглядзеў пан на работу ды кажа: — Ты, чалавеча, хвацкі майстар, але такую штуку, відаць, не патрапіш зрабіць, — і падаў Паўлюку сцізорык, дзе было многа ножыкаў і розных іншых прычындалаў. С. Александровіч.
4. Разм. Прыдатны для выкарыстання, ёмкі. Хвацкі рубанак. □ Даніла тым часам нікнуў за шафу і дастаў адтуль вельмі ж хвацкую кавеньку. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)