Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

хвастану́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

1. Аднакр. да хвастаць (у 1 знач.).

2. перан. Разм. Выказаць адкрыта непрыемную праўду ў вочы. Натура ўжо гэткая: ніколі не сцярплю, па вачах праўдай хвастану. Савіцкі.

хваста́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад хвастаць.

2. у знач. прым. Якога хвасталі, секлі. Сын бітага, хвастанага бацькі, .. ён [Буланцоў] прагнуў кар’еры як адзінага сродку пазбавіцца ад навакольных жахаў. Караткевіч.

хваста́ты, ‑ая, ‑ае.

З вялікім або густым хвастом. Вогненная хвастатая прыгажуня-лісіца жыла ў лагеры даўно. Няхай. Міма праплываюць прыгожыя хвастатыя птушкі. «ЛіМ». // Які мае хвост, доўгі канец. Хвастатая камета.

хваста́цца, хвашчуся, хвошчашся, хвошчацца; незак.

1. Хвастаць сябе (звычайна венікам у лазні). Мыліся ў .. [лазні] усе з канторы, нават сам Унук — любіў хвастацца з рабочымі на палку аж двума венікамі. Пташнікаў. Каля прылазніка гнуткі бярэзнік — Венік на месцы вяжы ды хвашчыся. Танк.

2. Сцёбаць адзін аднаго. — Вунь на святога Юр’я, як бацюшка свянцонаю вадою гавяду акр[апля]ў, дык бабы як пачалі дзеркачамі хвастацца — усякая хацела першай сваю карову падагнаць. Чорны.

хваста́ць, хвашчу, хвошчаш, хвошча; незак.

1. каго-што і па чым. Біць чым‑н. гнуткім; сцёбаць. [Адаму] здавалася, што конь ледзь рухаецца, і ён раз-поразу хвастаў яго пугай. Чарнышэвіч. Са жмутамі аеру [хлопцы і дзяўчаты] заняліся адно за адным, хвасталі па нагах, шчасліва смяяліся. Карпаў. // Разм. Біць, наносячы звонкія ўдары па твары, целе. Палкоўнік крычаў, як вар’ят, сарваў з шыі капітана крыж, а ў клубнага афіцэра — пагоны. І пачаў хвастаць таго, з клуба, па твары. Місько. // Наносіць удары каму‑н. у час руху. І вось той ельнік... Густыя лапкі хвошчуць па твары, па спіне, колюць рукі. Паўлаў. Голле хвастала па кабіне, пакідаючы на шкле зялёныя плямкі. Радкевіч.

2. каго-што і па чым. Сячы, біць (пра вецер, дождж, снег і пад.). [Лабановіч] павярнуў назад, насустрач ветру, які забіваў дыханне, хвастаў снегам па твары, як венікам. Колас. Дробныя калючыя сняжынкі, гнаныя з поля ветрам, хвасталі, балюча секлі твар [Агаты]. Сабаленка. // і без дап. Ліцца з сілаю. Хвастаў праліўны дождж, і халодныя струменьчыкі прасочваліся на спіну. Даніленка.

хваста́ч, ‑а, м.

Абл. Трапкач. [Маці] схапіла са сцяны палатняны хвастач ды за .. [сынам], хацела адлупіць. Ставер.

хвастцо́вы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да хвастца. Хвастцовыя пазванкі.

хвасце́ц, ‑стца, м.

Ніжняя частка пазваночніка чалавека.

хвасці́зм, ‑у, м.

Апартуністычная ідэалогія і тактыка, якая праяўляецца ў абмежаванні рэвалюцыйных задач рабочага класа, у зніжэнні яго палітычных і эканамічных патрабаванняў да ўзроўню свядомасці адсталых элементаў, у адмаўленні кіруючай ролі партыі і значэння перадавой марксісцкай тэорыі ў рабочым руху.

хвасці́ст, ‑а, М ‑сце, м.

Разм. Апартуніст, прыхільнік хвасцізму.