хвалю́ючы,
1. ‑ая, ‑ае. Дзеепрым. незал. цяпер. ад хваляваць.
2. ‑ая, ‑ае; у знач. прым. Які выклікае хваляванне, трывожыць, непакоіць. Пасля такіх хвалюючых, бурных перажыванняў Пятрусь злёг... Нікановіч. Хвалюючым помнікам салдацкай вернасці гучаць шматлікія надпісы, што пакінулі воіны на крапасных сценах: «Смерць фашызму!» «Звязда». І пахне зямля такім да болю знаёмым хвалюючым пахам, якім можа пахнуць толькі родная зямля. Даніленка. Хвалюючы голас пранізвае сэрцы слухачоў. Бядуля.
3. Дзеепрысл. незак. ад хваляваць.
хва́ля, ‑і, ж.
1. Вадзяны вал, які ўтвараецца гайданнем паверхні вады. Марскія хвалі. □ Каля нізкага берага.. ледзь чутна, раскошліва пахлёбвае хваля. Брыль. Дробныя хвалі, як жывыя, пераліваліся і блішчэлі на месяцы. Колас. // перан. Пра тое, што сваім рухам, формай нагадвае хвалі. Акно расчынілася, хваля свежага паветра з ліпавым водарам абдала Зосю. Хомчанка. Дыхне ветрык і бягуць прыбоем жытнёвыя хвалі ў неабсяжную даль. Машара. // перан. Прыліў або праяўленне якога‑н. пачуцця, адчування. Сэрца захліснула цёплая пяшчотная хваля. Місько. З кожным новым пытаннем у душы чалавека падымаецца хваля ярасці. «Полымя».
2. Спец. Форма распаўсюджвання ваганняў у пругкім асяроддзі. Электрамагнітныя хвалі. Гукавая хваля.
3. перан.; чаго. Пра масу, плынь чаго‑н., што рухаецца адно за адным з пэўнымі інтэрваламі, перапынкамі. Раніцай.. наляцелі самалёты з чорна-жоўтымі крыжамі на фюзеляжах. Першая хваля, дзесятка паўтара, прайшла на вялікай вышыні, пабліскваючы чырванню ад набрынялай, гатовай выпусціць сонца на небакрай, зары. Хадкевіч.
4. перан.; чаго. Узмоцнены рух, праяўленне чаго‑н. Хваля пратэсту. Хваля арыштаў. □ У 1912–1913 гг. у краіне намячаецца новая хваля рэвалюцыйнага ўздыму. Навуменка.
•••
Доўгія хвалі — радыёхвалі даўжынёй ад 1 да 10 км.
Кароткія хвалі — радыёхвалі даўжынёй ад 10 да 100 м.
Сярэднія хвалі — радыёхвалі даўжынёй ад 100 да 1000 м.
хвалява́нне, ‑я, н.
1. Рух хваль на паверхні вады, гайданне яе. Хваляванне на моры.
2. Нервовае ўзбуджэнне, выкліканае адчуваннем трывогі, радасці і пад. Лабановіч пачуваў лёгкае хваляванне: у гэты дзень твар у твар спаткаецца ён з тымі дзецьмі, якія даручаюцца яму і маральны адказ за якіх ён павінен узяць на сябе. Колас. Адчыніўшы дзверы, .. [Тэкля] з нейкай нецярплівасцю і хваляваннем паглядзела на вароты. Краўчанка. І з хваляваннем кожны з нас Ступіў на бераг запаветны, Дзе вырашаўся ў грозны час У бітвах лёс усёй краіны. Танк.
3. звычайна мн. (хвалява́нні, ‑яў). Масавы рух, пратэст супраць чаго‑н. Хваляванні рабочых у капіталістычных краінах. Сялянскія хваляванні ў царскай Расіі.
хвалява́цца, ‑лююся, ‑люешся, ‑люецца; незак.
1. Знаходзіцца ў вагальным руху, ад якога ўтвараюцца хвалі. Навокал аж да самага небасхілу неспакойна хвалявалася свінцовае мора. Бяганская. // перан. Знаходзіцца ў руху, падобным на хваляванне паверхні вады. Калі налятаў вецер, хвалявалася спелая пшаніца. Гурскі. Хвалююцца морам зялёным Ільны на палескім балоце. Калачынскі.
2. Перажываць хваляванне (у 2 знач.); непакоіцца. Седзячы перад сталом старшыні, Якім хваляваўся і не ведаў, як сказаць, чаго прыйшоў. Дуброўскі. Валя думала толькі пра Толю. Як перажывала яна і хвалявалася ўсе гэтыя дні за яго! Якімовіч. Алік хвалюецца. Ён насцярожана глядзіць на суддзю, кусае вусны, скупа і неахвотна адказвае на пытанні. Дадзіёмаў.
3. Выказваць незадаволенасць чым‑н., пратэст супраць чаго‑н. Натоўп хваляваўся на пляцы перад ратушаю. Чорны. Зал хваляваўся, трэба было пачакаць. Нарэшце супакоіўся, выгаварыўся. Пташнікаў.
хвалява́ць, ‑люю, ‑люеш, ‑люе; незак., каго-што.
1. Выклікаць вагальны рух, ад якога ўтвараюцца хвалі. Вецер хваляваў паверхню вады. // перан. Выклікаць рух, падобны на хваляванне паверхні вады. А вецер хвалюе ў бязмежным прасторы Духмянага жыта шумлівае мора. Хведаровіч. // Хвалявацца (у 1 знач.). Шуміць вада, хвалюе мора, Мой човен шпарка ўдаль ляціць. Гурло. Вось шырокім залацістым возерам паміж лесу ледзь-ледзь хвалюе жыта. Мурашка.
2. Прыводзіць у трывожны, узбуджаны стан; непакоіць. Адначасовы ўзлёт мноства самалётаў заўсёды хваляваў Смірына. Алешка. [Оля:] — Бацька здаўна хварэе на сэрца, ён да вайны цераз гэта зусім не працаваў. Яго стараюцца аберагаць, не хваляваць нічым. А тут такая бяда! Мележ.
3. Падбухторваць, схіляць да хваляванняў (у 3 знач.); выклікаць хваляванні (у 3 знач.). Хваляваць народ. □ Народная па духу і форме, [паэзія] хвалявала шырокія масы, натхняла на барацьбу за лепшае будучае. У. Калеснік.
хваляво́д, ‑а, М ‑дзе, м.
Канал, уздоўж якога распаўсюджваюцца электрамагнітныя (радыёхвалявод) або гукавыя (акустычны хвалявод) хвалі.
хваляме́р, ‑а, м.
1. У радыётэхніцы — прыбор для вымярэння даўжыні электрамагнітных хваль.
2. У марской справе — прыбор для вызначэння вышыні, даўжыні і перыяду марскіх хваль, а таксама хуткасці і кірунку іх распаўсюджання.
хвалярэ́з, ‑а, м.
Спец. Гідратэхнічнае збудаванне (дамба, вал і пад.), якія ахоўваюць месца стаянкі суднаў ад дзеяння хваль. Мора глуха зараўло, навалілася на хвалярэзы. Васілевіч. Сцяна — калісьці магутная, з байніцамі і хвалярэзамі з нахіленых паляў. Аб вострыя, калісьці грозныя, канцы іх мірна плёхаюць узнятыя ветрыкам, хвалі. Брыль.
хварава́ты, ‑ая, ‑ае.
Не зусім здаровы, амаль хворы.