ха́цішча, ‑а, н.
Разм. Месца, дзе раней стаяла хата. Лёгка адшукаць яшчэ Родную руіну — На зарослым хацішчы Расцвіла шыпшына. Вітка. Бераг зарос крапівою па пояс, крапіва буяла і над каменнем якогасьці хацішча. Лось. А неўзабаве на старым хацішчы ўжо стаялі вось гэтыя тры вянцы новага зруба... Сіпакоў.
хаця́, злучн. і часціца.
Разм.
1. злучн. уступальны. Падпарадкоўвае даданыя ўступальныя сказы, выступаючы ў значэнні «нягледзячы на тое, што». Няўтульнымі сталі пакоі, хаця мэбля была на месцы. Лынькоў. На перавале на хвіліну спыніліся, каб адпачыць. Цяпер можна не спяшацца, хаця і вечарэла ўжо. Шамякін. / Пры наяўнасці супраціўных злучнікаў у галоўным сказе. Стары Апанас Гарбуз хаця і лічыў сябе набожным, але ў [царкву] хадзіў рэдка. Чарот.
2. часціца ўзмацняльна-вылучальная. Тое, што і хоць (у 5 знач.). — А таварышок, а паночак, а залаценькі, а не карайце ж вы хаця моцна яго, — загаласіла Рыпіна. Крапіва.
3. часціца ўзмацняльна-абмежавальная. Тое, што і хоць (у 6 знач.). Ад крыўды і голаду моцна засмактала ў .. [Лёнькі] пад грудзьмі: хаця б адну бульбіну з’есці. Капыловіч.
ха-ха́ і ха-ха-ха́, выкл. гукапераймальны.
Служыць для перадачы гучнага смеху, рогату. — Ха-ха-ха! — заліваецца смехам Амелька. Колас.
хваёвы, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да хвоі, з’яўляецца хвояй. Хваёвая шышка. Хваёвыя лапкі. Хваёвая смала. □ На дол хваёвыя ігліцы Раняе бор. Пустэча скрозь. Прыходзька. Кастусь нагледзеў.. добрую хваёвую сухастоіну. Чорны. Пазняк, кінуўшы: «Ну, добра», павярнуў лыжы назад і згубіўся між тоўстых хваёвых камлёў. Дуброўскі. // Які складаецца з хвой. Хваёвы лес. Хваёвы бор. □ Трохі не дайшлі [Міколка з дзедам] да самай палянкі, як спыніліся, схаваўшыся ў хваёвым гушчарніку. Лынькоў. // Уласцівы хвоі. Хваёвы пах. // Зроблены з хвоі. Хваёвы крыж. □ Пастух вучыў.. [хлопчыка] граць на хваёвай жалейцы. Краўчанка. // Атрыманы, здабыты з хвоі. Хваёвы экстракт. // Прыгатаваны з экстрактам хвоі. Хваёвыя вапны.
2. у знач. наз. хваёвыя, ‑ых. Сямейства голанасенных дрэў і кустоў, пераважна вечназялёных.
хваі́на, ‑ы, ж.
Тое, што і хвоя (у 1 знач.); асобная хвоя. Сакольны падышоў да той самай хваіны, дзе нядаўна сядзеў з Марыяй. Кулакоўскі.
хвайня́к, ‑у, м.
Разм. Тое, што і хвойік. Міма акна праплываюць старыя хвайнякі. Навуменка. І я ўспомніў, як світаннем У густыя хвайнякі, Бы да любай на спатканне, Бег збіраць баравікі... Лойка.
хвала́, ‑ы, ж.
1. Праслаўленне, усхваленне. Дык урачыста, з пачуццём Братэрства нашых сэрцаў, — хорам, Браты, уславім залп «Аўроры», Хвалу Кастрычніку спяём! А. Александровіч. Пайшла пра звеннявую на ўвесь край Такая слава і хвала, Што і сама таго Агата ўцяміць не магла. Маеўскі. // Адабрэнне, добры водзыў, пахвала. Людзі чулі, як іх хлопца, хлопца іх сяла, пахваліў такі вучоны чалавек, і гэта хвала лажылася трохі і на іх саміх. Колас.
2. у знач. вык. Вокліч захаплення, прызнання, удзячнасці каму‑, чаму‑н. Хвала вам, адважных героі! □ Хвала табе, Кастрычніка дзяржава! Машара. І земляроб у кожным доме, на кожнай ніве паўтарыў: — Хвала дажджу!.. Вялюгін.
3. Разм. Рэпутацыя каго‑н., агульная думка пра каго‑н. Граф Кісялёў, які «заваяваў» сабе хвалу «рэфарматара», не вельмі спяшаўся зрабіць вывады. «Полымя».
•••
Адна хвала — усё роўна. [Цімох:] — Ці так або сяк прападу — Адна табе ўсюды хвала. Колас. Адзін хоць з’еш вала — усё адна хвала. Прыказка.
Пець хвалу гл. пець.
Хвала богу (у знач. пабочн.) — тое, што і дзякуй (дзякаваць) богу (гл. дзякуй).
хвале... (а таксама хваля...).
Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню слову «хваля», напрыклад: хвалепадобны, хвалярэз і інш.
хвале́бны, ‑ая, ‑ае.
У якім ёсць пахвала. Хвалебны водзыў. □ У «Чырвоны бор» часта наведваліся работнікі раённай газеты. Яны звычайна заходзілі да старшыні, гутарылі з ім, запісвалі з яго слоў тое, што ім трэба было, і пісалі хвалебныя артыкулы. Сабаленка. Пасля хору хвалебных рэцэнзій узнялася хваля крытыкі і разносаў. «Маладосць».