хвалявацца, ‑лююся, ‑люешся, ‑люецца; незак.
1. Знаходзіцца ў вагальным руху, ад якога ўтвараюцца хвалі. Навокал аж да самага небасхілу неспакойна хвалявалася свінцовае мора. Бяганская. // перан. Знаходзіцца ў руху, падобным на хваляванне паверхні вады. Калі налятаў вецер, хвалявалася спелая пшаніца. Гурскі. Хвалююцца морам зялёным Ільны на палескім балоце. Калачынскі.
2. Перажываць хваляванне (у 2 знач.); непакоіцца. Седзячы перад сталом старшыні, Якім хваляваўся і не ведаў, як сказаць, чаго прыйшоў. Дуброўскі. Валя думала толькі пра Толю. Як перажывала яна і хвалявалася ўсе гэтыя дні за яго! Якімовіч. Алік хвалюецца. Ён насцярожана глядзіць на суддзю, кусае вусны, скупа і неахвотна адказвае на пытанні. Дадзіёмаў.
3. Выказваць незадаволенасць чым‑н., пратэст супраць чаго‑н. Натоўп хваляваўся на пляцы перад ратушаю. Чорны. Зал хваляваўся, трэба было пачакаць. Нарэшце супакоіўся, выгаварыўся. Пташнікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)