хваляваць, ‑люю, ‑люеш, ‑люе; незак., каго-што.
1. Выклікаць вагальны рух, ад якога ўтвараюцца хвалі. Вецер хваляваў паверхню вады. // перан. Выклікаць рух, падобны на хваляванне паверхні вады. А вецер хвалюе ў бязмежным прасторы Духмянага жыта шумлівае мора. Хведаровіч. // Хвалявацца (у 1 знач.). Шуміць вада, хвалюе мора, Мой човен шпарка ўдаль ляціць. Гурло. Вось шырокім залацістым возерам паміж лесу ледзь-ледзь хвалюе жыта. Мурашка.
2. Прыводзіць у трывожны, узбуджаны стан; непакоіць. Адначасовы ўзлёт мноства самалётаў заўсёды хваляваў Смірына. Алешка. [Оля:] — Бацька здаўна хварэе на сэрца, ён да вайны цераз гэта зусім не працаваў. Яго стараюцца аберагаць, не хваляваць нічым. А тут такая бяда! Мележ.
3. Падбухторваць, схіляць да хваляванняў (у 3 знач.); выклікаць хваляванні (у 3 знач.). Хваляваць народ. ▪ Народная па духу і форме, [паэзія] хвалявала шырокія масы, натхняла на барацьбу за лепшае будучае. У. Калеснік.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)