Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

халасты́, ‑ая, ‑ое.

1. Які не ўступіў у шлюб, нежанаты (пра мужчыну). Наш сусед, выкладчык музыкі ў інтэрнаце і кіраўнік самадзейнасці ўсіх навакольных устаноў і арганізацый, халасты хлопец гадоў пад сорак, амаль не даваў знаць аб сваім існаванні. Радкевіч. [Паліна:] Ты — дзяцюк халасты, а ў мяне тут — сям’я, Муж... Куляшоў. // Які складаецца з халасцякоў. Халастая кампанія. // Уласцівы халасцяку, халасцякам. Халастое жыццё. □ «Лёталі ў космас? Час і дзень. У халастым, а ці ў жанатым стане?» Барадулін.

2. Які не прыводзіць у рух механізма, машыны; не рабочы. Халастыя абароты. □ Як шалёны, завыў матор — задняе кола, згубіўшы счапленне з грунтам, засвістала на халастым хаду. Краўчанка. // Не звязаны з выкананнем карыснай работы. Халасты перагон вагонаў. □ Да мінімуму зведзены прастоі, халастыя прабегі. Механізатары змагаюцца за кожную мінуту рабочага часу. «Звязда».

3. Не здольны наравіць цэль; не баявы (пра стральбу). Не быў апошні выстрал халастым, Галовы склалі каты пад кусты... А я без памяці ляжаў на мяккім доле. А. Астапенка. — На граніцы, Ягорка, халастымі патронамі не страляюць. Шыловіч. // Які не мае кулі, шроту. Халасты зарад.

•••

На халастым хаду — упустую, марна.

Халасты прабег — пра транспарт, які ходзіць паражняком.

Халасты стрэл — пра бескарыснае дзеянне.

халасця́к, ‑а, м.

Нежанаты мужчына. Платон Шабуня быў халасцяк гадоў пад трыццаць пяць. Чарнышэвіч. Сябра мой — халасцяк, Дні марнуе адзін, А ў мяне як-ніяк — Сын, таварышы, сын! Гілевіч.

•••

Стары халасцяк — немалады мужчына, які не быў жанатым.

халасцякава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; незак.

Разм. Жыць халасцяком, без жонкі. Відаць, густ.. [Павалковіча] быў вельмі пераборлівы. Аб гэтым сведчыла ўжо тое, што, нягледзячы на сваю інтэлігентнасць, якую ён выстаўляў напаказ, і паўвалочку зямлі, домік з садам у Рымках, ён да гэтага часу халасцякаваў. Машара. [Доня:] — Ну, ну. То чаму халасцякуеш? Табе ж [Тодар] недзе ці не пад трыццаць ужо? Усё, канечне, выбіраеш. Вышынскі.

халасця́цкі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да халасцяка, уласцівы халасцяку, халасцякам. Халасцяцкі пакой. □ Цяпер жа Анатолю была магчымасць на нейкі час адцягнуць вяселле і лепш прыгледзецца да сваёй будучай жонкі, якая так нечакана парушыла яго душэўны спакой і мірнае халасцяцкае жыццё. Ваданосаў. [Ніна] параскідала ўсё, дзе халасцяцкім духам пахла, свой парадак павяла. Лобан.

хала́т, ‑а, М ‑лаце, м.

1. Верхняе хатняе або рабочае адзенне, якое захінаецца або зашпіляецца. У сенцах зноў заскрыпелі дзверы, грукнула адкінутая завала знадворных дзвярэй, і .. [Казік] убачыў на парозе Ніну Пятроўну — у доўгім халаце, у начных туфлях. Краўчанка. У палату хуткімі дробнымі крокамі ўвайшла маладая жанчына ў белым халаце. Арабей. Сёння мы выконваем першы заказ школы — шыем халаты для прыбіральшчыц. Жычка.

2. Верхняе адзенне ў некаторых азіяцкіх народаў, полы якога захінаюцца адна за другую. Бухарскі халат.

[Араб.]

хала́тнасць, ‑і, ж.

Нядобрасумленныя, нядбайныя адносіны да сваіх абавязкаў. Прараб Нядаўні абвінавачваецца ў халатнасці, парушэнні правы тэхнікі бяспекі, у выніку чаго загінуў чалавек. Дадзіёмаў.

хала́тны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да халата; прызначаны на халат. Халатная махровая тканіна.

2. Нядобрасумленны, нядбайны. Халатныя адносіны да справы.

халва́, ‑ы, ж.

Салодкі кандытарскі выраб у выглядзе цвёрдай масы з расцёртага сланечніку, арэхаў і пад. Арахісавая халва. Сланечнікавая халва. □ Янка палез у будан і вынес адтуль два паржавелыя селядцы, пачак пячэння і кавалачак халвы на прамасленым шматку паперы. Чыгрынаў.

[Араб.]

халво́вы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да халвы, служыць для вырабу халвы. Халвовы цэх.

халдзе́і, ‑яў; адз. халдзей, ‑я, м.; халдзейка, ‑і, ДМ ‑дзейцы; мн. халдзейкі, ‑дзеек; ж.

Семіцкае племя, якое ў 2‑м тысячагоддзі да н. э. жыло на ўзбярэжжы Персідскага заліва і ўтварыла Новававілонскую дзяржаву.