Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

халоднапрака́тны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да халоднай пракаткі. Халоднапрапатны цэх.

хало́днасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць халоднага (у 10, 11 знач.).

2. Адсутнасць запалу, страснасці, жывасці, эмацыянальнасці. [Андрэй:] — Канечне, змяніўся... Такое дарам не праходзіць. Але мая халоднасць і жорсткасць — не табе. Арабей. Хоць хуткі ад’езд Марынкі і яе незразумелая халоднасць пры расстанні пакінулі смутак і гаркоту ў сэрцы Паходні, раздумваць аб гэтым, перажываць і пакутаваць проста не было часу. Хадкевіч.

3. Раўнадушша, нядобразычлівасць. Васіль ненавідзеў Алесю, хоць адкрыта і не выказваў гэтага. Затое Аўгіня кампенсавала ёй бацькаву халоднасць гарачымі матчынымі ласкамі. Колас. Хлопчык адчуў халоднасць у .. словах [Азаркевіча] і, зажмурыўшыся, адышоўся да сваёй калясачкі. Якімовіч.

хало́дны, ‑ая, ‑ае.

1. З нізкай або адносна нізкай тэмпературай. Халодная вада. Халодны вецер. □ Дзякуй цёплым дажджом і халоднай расе за жыты, што ўзраслі ў небывалай красе. А. Вольскі. Каб, апаліўшыся, боль заглушыць, — Трэба толькі да раны халоднай зямлі прылажыць. Багдановіч. // З моцнымі, частымі халадамі. Халодная зіма. / у вобразным ужыв. Заплакалі шыбы на вокнах Халоднай асенняй слязой. Астрэйка. // З суровым кліматам. А вочы возьмуцца гарэць Агнямі дрэў, Травы і кветак... Цяплом іх можна абагрэць Халодныя краіны свету. Глебка. // Які не дае цяпла, слаба грэе. А сонца шчодра асвятляе і лес, і дарогу.. Яно халоднае, марознае сонца. Лынькоў. // Які выклікае адчуванне холаду; звязаны з адчуваннем холаду. Салдат у роспачы зноў заўважыў над сабою безнадзейныя зоры і халоднае неба. Чорны. // Пра святло, бляск і пад. Застылі дарогі ў тумане, Халодныя зоры гараць. Бачыла. — Зірні, у святле маладзіка — Халодны бляск, то бляск штыка. Куляшоў.

2. Які страціў цеплыню, астыў. Халодны суп. □ Снедалі. Бульба ў лупінах, падагрэтая ў рынцы ўчарашняя капуста, хлеб, як зямля, і халодныя аладкі, таксама ўчарашнія. Брыль. // Які падаецца і ўжываецца ў ахалоджаным, не гарачым стане. Падавальшчыца хутка прынесла халодную закуску — селядзец з цыбуляй і варонай бульбай. Пестрак. Мы чапіліся з белых-белых фарфоравых кубкаў халоднага бурштынавага квасу. Пальчэўскі.

3. Які дрэнна ахоўвае ад холаду, не трымае цяпла. На .. [настаўніку] было халоднае паліто і летняя шапка. Колас. Сцвярджаў я маці: — Шапка малавата, Я прахаджу і ў летняй, не бяда! Халодная вушанка, мала ваты... Барадулін.

4. Які не ацяпляецца, не абаграваецца. Халодны хлеў. □ Яранга была падзелена на дзве палавіны. У першай, халоднай палавіне жылі сабакі і ляжалі розныя рэчы. Бяганская.

5. у знач. наз. хало́дная, ‑ай, ж. Уст. Памяшканне для арыштаваных. [Земскі:] — Я пакажу табе ўладу! Забраць у халодную! Якімовіч.

6. Разм. Які пакутуе ад холаду. Ладымер Стальмаховіч зазнаў за свой век галоднай і халоднай бяды. Чорны. // Які праходзіць, адбываецца ў холадзе. Пакойчык зімою часта быў няпалены, халодны. Арабей.

7. Які ажыццяўляецца пры нізкіх тэмпературах, без награвання. Халодная апрацоўка металу. Халоднае вэнджанне. □ У час халоднай абкаткі выпрабавальнікі правяралі, як працуе масляная сістэма. «Маладосць».

8. у знач. наз. хало́днае, ‑ага, н. Тое, што і халадзец.

9. перан. Звязаны з пачуццём унутранага, душэўнага холаду, страху, хвалявання. Падумаў Міколка і аж уліп у зямлю, халодным потам абліўся. Лынькоў.

10. перан. У якім няма запалу, пачуцця. Пачулася халодная, як жалеза, каманда. Гурскі. Халодны спакой ахапіў усю істоту Тарыела. Замерла сэрца, ён амаль не дыхаў, але галава была яснай і рукі не дрыжэлі. Самуйлёнак. // Пазбаўлены жывасці. Менавіта так атрымалася з асобнымі вершамі раздзела «Над кручамі каўказскімі», якія з’яўляюцца, па сутнасці, халоднымі ілюстрацыямі да ўвогуле правільных, слушных думак і адчуванняў паэта. Рагойша.

11. перан. Стрыманы ў праяўленні пачуццяў; раўнадушны, бясстрасны. [Марына Паўлаўна:] — Які ён [Пятроў] халодны... Няўжо ўсё жыццё я буду жыць з гэтай глыбай лёду... Васілевіч. Будзь са мною і добрай, і строгаю, ды ніколі халоднай, малю! Тармола. // Без эмоцый, перажыванняў; які падказвае розум. І баюся спудзіць Сваёй разважнасцю і мудрасцю халоднай Вось гэта свята неслухмяных ліній [дзіцячых малюнкаў], Яшчэ не зведзеных ні ў якія параграфы Вучоных кніжак. Сіпакоў. Твар.. [Густава] запаланіла рыса ўпэўненасці, спакою і разам з тым цікаўнасці і халоднай разважлівасці. Чорны. // Пазбаўлены душэўнага цяпла; строгі, нядобразычлівы. Халодны позірк. Халодны прыём. □ Развітанне было сухім, халодным. Шахавец.

•••

Халодная вайна гл. вайна.

Халодная зброя гл. зброя.

Халодныя закускі гл. закуска (у 2 знач.).

Абліцца халодным потам гл. абліцца.

Як халоднай вадой абліць гл. абліць.

хало́п, ‑а, м.

1. У Старажытнай Русі — паднявольная асоба, па становішчу блізкая да раба; у 12–18 стст. — асабіста залежная ад феадала асоба. У найбольш цяжкім становішчы знаходзілася «чэлядзь нявольная» — халопы, якія з’яўляліся ўласнасцю феадала. Алексютовіч. // Прыгонны, залежны селянін.

2. перан. Прыслужнік каго‑, чаго‑н. Халопы імперыялізму.

хало́пка, ‑і, ДМ ‑пцы; Р мн. ‑пак; ж.

Жан. да халоп.

хало́пнічаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Праяўляць халопства (у 3 знач.); рабалепстваваць.

хало́пскі, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да халопа (у 1 знач.). Халопскае жыццё.

2. Уласцівы халопу (у 2 знач.). Халопская натура.

хало́пства, ‑а, н.

1. У Старажытнай феадальнай Русі — форма феадальнай залежнасць, блізкая да рабства. Аддаць у халопства.

2. зб. Халопы. Халопства ўсхадзілася не на жарты.

3. перан. Паводзіны, уласцівыя халопу (у 2 знач.). Халімон паспрабаваў пагаліцца ў ногі. — Вось яно. Думкі — думкамі, а з халопства не вырас. Караткевіч.

халт, ‑а, М ‑лце, м.

У выразе: на адзін халт — на адзін глыток.

халту́ра, ‑ы, ж.

Разм. зневаж.

1. Пабочны, звычайна лёгкі заработак звыш асноўнага. У людзей як у людзей — ва ўсіх па два выхадных ужо, а ў .. [Аўсяніка] вечна гэта «налева», вечна халтура... Васілевіч.

2. Нядобрасумленная, неахайная, выкапаная без ведання справы работа. [Мікола:] — Халтура хутчэй за ўсё, а не вецер... Калі б мы так будавалі, што вецер, няхай і штармавы, у дзевяць балаў, можа бурыць, — грош нам цана была б. Хадкевіч. // Тое, што зроблена такім чынам, прадукт такой работы. Хаджу, разглядаю скульптуры. Мастак быў праўдзівы, Ні спешкі нідзе, ні халтуры! Гілевіч. «Бо пішаш, — заявіў Сівы, — халтуру. Што толку з колькасці, браток, Калі слабы любы радок». Корбан.

[Ад лац. chartularium — спіс нябожчыкаў, які чытаўся свяшчэннікам на дзень памінання памёршых.]