халодны, ‑ая, ‑ае.

1. З нізкай або адносна нізкай тэмпературай. Халодная вада. Халодны вецер. ▪ Дзякуй цёплым дажджом і халоднай расе за жыты, што ўзраслі ў небывалай красе. А. Вольскі. Каб, апаліўшыся, боль заглушыць, — Трэба толькі да раны халоднай зямлі прылажыць. Багдановіч. // З моцнымі, частымі халадамі. Халодная зіма. / у вобразным ужыв. Заплакалі шыбы на вокнах Халоднай асенняй слязой. Астрэйка. // З суровым кліматам. А вочы возьмуцца гарэць Агнямі дрэў, Травы і кветак... Цяплом іх можна абагрэць Халодныя краіны свету. Глебка. // Які не дае цяпла, слаба грэе. А сонца шчодра асвятляе і лес, і дарогу.. Яно халоднае, марознае сонца. Лынькоў. // Які выклікае адчуванне холаду; звязаны з адчуваннем холаду. Салдат у роспачы зноў заўважыў над сабою безнадзейныя зоры і халоднае неба. Чорны. // Пра святло, бляск і пад. Застылі дарогі ў тумане, Халодныя зоры гараць. Бачыла. — Зірні, у святле маладзіка — Халодны бляск, то бляск штыка. Куляшоў.

2. Які страціў цеплыню, астыў. Халодны суп. ▪ Снедалі. Бульба ў лупінах, падагрэтая ў рынцы ўчарашняя капуста, хлеб, як зямля, і халодныя аладкі, таксама ўчарашнія. Брыль. // Які падаецца і ўжываецца ў ахалоджаным, не гарачым стане. Падавальшчыца хутка прынесла халодную закуску — селядзец з цыбуляй і варонай бульбай. Пестрак. Мы чапіліся з белых-белых фарфоравых кубкаў халоднага бурштынавага квасу. Пальчэўскі.

3. Які дрэнна ахоўвае ад холаду, не трымае цяпла. На .. [настаўніку] было халоднае паліто і летняя шапка. Колас. Сцвярджаў я маці: — Шапка малавата, Я прахаджу і ў летняй, не бяда! Халодная вушанка, мала ваты... Барадулін.

4. Які не ацяпляецца, не абаграваецца. Халодны хлеў. ▪ Яранга была падзелена на дзве палавіны. У першай, халоднай палавіне жылі сабакі і ляжалі розныя рэчы. Бяганская.

5. у знач. наз. халодная, ‑ай, ж. Уст. Памяшканне для арыштаваных. [Земскі:] — Я пакажу табе ўладу! Забраць у халодную! Якімовіч.

6. Разм. Які пакутуе ад холаду. Ладымер Стальмаховіч зазнаў за свой век галоднай і халоднай бяды. Чорны. // Які праходзіць, адбываецца ў холадзе. Пакойчык зімою часта быў няпалены, халодны. Арабей.

7. Які ажыццяўляецца пры нізкіх тэмпературах, без награвання. Халодная апрацоўка металу. Халоднае вэнджанне. ▪ У час халоднай абкаткі выпрабавальнікі правяралі, як працуе масляная сістэма. «Маладосць».

8. у знач. наз. халоднае, ‑ага, н. Тое, што і халадзец.

9. перан. Звязаны з пачуццём унутранага, душэўнага холаду, страху, хвалявання. Падумаў Міколка і аж уліп у зямлю, халодным потам абліўся. Лынькоў.

10. перан. У якім няма запалу, пачуцця. Пачулася халодная, як жалеза, каманда. Гурскі. Халодны спакой ахапіў усю істоту Тарыела. Замерла сэрца, ён амаль не дыхаў, але галава была яснай і рукі не дрыжэлі. Самуйлёнак. // Пазбаўлены жывасці. Менавіта так атрымалася з асобнымі вершамі раздзела «Над кручамі каўказскімі», якія з’яўляюцца, па сутнасці, халоднымі ілюстрацыямі да ўвогуле правільных, слушных думак і адчуванняў паэта. Рагойша.

11. перан. Стрыманы ў праяўленні пачуццяў; раўнадушны, бясстрасны. [Марына Паўлаўна:] — Які ён [Пятроў] халодны... Няўжо ўсё жыццё я буду жыць з гэтай глыбай лёду... Васілевіч. Будзь са мною і добрай, і строгаю, ды ніколі халоднай, малю! Тармола. // Без эмоцый, перажыванняў; які падказвае розум. І баюся спудзіць Сваёй разважнасцю і мудрасцю халоднай Вось гэта свята неслухмяных ліній [дзіцячых малюнкаў], Яшчэ не зведзеных ні ў якія параграфы Вучоных кніжак. Сіпакоў. Твар.. [Густава] запаланіла рыса ўпэўненасці, спакою і разам з тым цікаўнасці і халоднай разважлівасці. Чорны. // Пазбаўлены душэўнага цяпла; строгі, нядобразычлівы. Халодны позірк. Халодны прыём. ▪ Развітанне было сухім, халодным. Шахавец.

•••

Халодная вайна гл. вайна.

Халодная зброя гл. зброя.

Халодныя закускі гл. закуска (у 2 знач.).

Абліцца халодным потам гл. абліцца.

Як халоднай вадой абліць гл. абліць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)