Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

халаднава́тасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць халаднаватага.

2. перан. Раўнадушныя, бясстрасныя адносіны да каго‑, чаго‑н. Стрыманасць, халаднаватасць — як нейкі абавязковы закон паводзін. Адносін да ўсіх. Ад чаго гэта? Ад апаскі, што прастата, ветлівасць шкодзіць сур’ёзнасці, пільнасці?.. Мележ.

халаднава́ты, ‑ая, ‑ае.

1. З памяркоўным прыемным холадам, прахалодай. Ад лесу пачалі наплываць і згушчацца змрокі, і на сяло пацягнула халаднаватаю вільгаццю паплавоў. Скрыган. Халаднаватаю раніцаю партызанскі атрад.. чакаў пачатку — калі па дарозе пойдуць калоны варожых машын. Янкоўскі.

2. перан. Раўнадушны, бясстрасны. Максім таксама спыніўся, з халаднаватай цікавасцю разглядаючы.. [Шашу]. Шамякін. Вобраз Донны Анны, які ўвогуле правільна вырашаны Карзянковай, трохі халаднаваты. «ЛіМ».

халаднакро́ўны, ‑ая, ‑ае.

Спец. З непастаяннай тэмпературай цела, залежнай ад знешняга асяроддзя (пра жывыя арганізмы). Халаднакроўныя жывёлы.

халаднало́мкасць, ‑і, ж.

Спец. Уласцівасць матэрыялу лёгка ламацца пры нізкай тэмпературы.

халаднало́мкі, ‑ая, ‑ае.

Спец. Ломкі, крохкі пры нізкай тэмпературы. Халадналомкая сталь.

халадне́йшы, ‑ая, ‑ае.

Выш. ст. да прым. халодны.

халадне́ць, ‑ее; незак.

Станавіцца халодным, халаднейшым (пра паветра, надвор’е). Было ўжо за поўнач, але паветра не толькі не халаднела, а, здавалася, нават цяплела. Маўр. Маці выбягае на ганак, пакінуўшы адчыненыя дзверы, і адразу ў хаце халаднее ад ядранага паветра. Кудравец. // перан. Траціць душэўную цеплыню, станавіцца абыякавым. [Маладая жанчына] глядзела ў акно, і вочы яе, жывыя, разумныя, увесь час мяняліся. То рабіліся вясёлыя і нібы смяяліся, то халаднелі, цямнелі. Арабей.

халадні́к, ‑у, м.

Халодная страва з бацвіння, шчаўя, агуркоў, цыбулі, запраўленая смятанай і пакрышаным яйцом. З кухні чуваць быў прыглушаны басок: — Ну, Алена Паўлаўна, якія прэтэнзіі?.. Вы ведаеце, чым халаднік запраўлены? Смятана — першы гатунак, яйцы, цыбуля зялёная, кроп — халаднік, хоць выпі... Сапрыка.

халадо́к, ‑дку, м.

1. Памянш.-ласк. да холад, невялікі холад. [Ануцюнаў:] — Маёру рупіла як мага хутчэй трапіць на аэрадром, далонню адчуць халадок рабрыстай ручкі ўпраўлення, вырвацца ў вышыню. Алешка. На Марыне быў квяцісты халат, пашыты нядаўна. У яго Марына захутала ногі, адчуваючы прыемны халадок шоўку. Шахавец.

2. Свежае, халаднаватае паветра, вецер. Павеяла ранішнім халадком. Колас. // Халаднаватае надвор’е, невысокая тэмпература паветра. Прыходзілі доўгія асеннія ночы.. з вострым халадком першых замаразкаў... Чорны.

3. Цяністае месца, цянёк. Паставілі [маці з Алесем] ад сонца снапы, зрабілі халадок. Брыль. Глухі сядзіць на загуменні ў халадку пад ліпаю і пляце лапці. Якімовіч.

4. Час сутак, калі ўжо спала або яшчэ не наступіла спёка. Халадок, заедзі няма, ехаць добра. Чарнышэвіч. Можна ж падначаваць ды заўтра халадком на ранішні цягнік пайсці. Пальчэўскі.

5. перан. Пра адчуванне лёгкага холаду (ад хвалявання, страху і пад.). І дагэтуль халадок прабягае ў .. [Данілы] [п]а спіне, калі ён уяўляе, якім болем разрывалася ў той дзень сэрца хлопчыка. Мехаў. [Мікалай Пятровіч] нават адчуў на сваёй спіне лёгкі халадок і прыкра хмурыўся, намагаючыся рассеяць нядобры настрой. Каршукоў.

6. перан. Стрыманасць, раўнадушнасць у адносінах да каго‑, чаго‑н. [Маша] адчула і насцярожанасць, з якой ставілася да яе жонка Антона Кузьміча.., але здзівілася, што ў самой яе таксама з’явіўся пэўны халадок у адносінах да Галіны Адамаўны. Шамякін. Непрыемным халадком дыхнула на Пятруську ад гэтых бабчыных слоў: ніколі ён не думаў, што так неспадзявана можна зрабіцца гультаём. Кулакоўскі. — Дык вы амерыканцы? — перапытаў яшчэ раз начальнік, і ў голасе яго адчулася столькі афіцыйнага халадку, што яго хапіла б, каб замарозіць дзесяткі кліентаў. Лынькоў.

•••

Аціраць халадкі гл. аціраць.

З халадком — а) без цікавасці, старання (рабіць што‑н.). Я таго на ўвазе маю, Хто працуе з халадком: Дрэнна ніву засявае, Даглядае — языком. Кляўко; б) раўнадушна адносіцца да каго‑н.

халадэ́ча, ‑ы, ж.

Моцны холад. [Бацька:] — Надзень [Кастусь] пінжак, так прастынеш, прастудзішся. Гэта ж такая халадэча. Галавач. У нас даўно ўжо не было чым прапаліць у печы, і ў хаце стаяла такая халадэча, што бадай цяплей было на дварэ. Сачанка.