Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

халадзе́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.

1. Станавіцца халодным, халаднейшым. Ночы халадзеюць. □ Замірае лета, Заціхаюць далі, Сірацее рэчка, Халадзеюць хвалі. Колас. / Пра чалавека перад смерцю. Пятнаццацігадовы хлапец чуў, як халадзее рука бацькі, як з кожнай хвілінай астывае яго кроў, як падступае смерць. Самуйлёнак. Твар [старой] халадзеў — Наталля, хоць і не спрактыкаваная, але бачыла, што патухае жыццё. Чорны.

2. Адчуваць холад; мерзнуць. Прыйшлі сёстры, каб раздаць зелле і зрабіць перавязкі. Рукі ў сясцёр мерзлі, халадзелі. Галавач. Ліў дождж, але Марусаў ужо не звяртаў па яго ўвагі: пінжак быў мокры, халадзела спіна, чвякала вада ў чаравіках. М. Стральцоў.

3. Адчуваць холад ад моцнага хвалявання, страху і пад. Назіраючы, з якой страшэннай сілай вырываюцца іскры з вагранкі, [Міхаіл] халадзеў і хваляваўся. Карпаў. Сіліцца Вольга прачнуцца — і не можа, халадзее ад страху: заснула! Місько. / у безас. ужыв. Ад гэтых успамінаў халадзела ў грудзях, сціскала горла, на вачах наварочваліся слёзы. Жычка.

•••

Кроў халадзее (у жылах) — тое, што і кроў ледзянее (стыне) (у жылах) (гл. кроў).

халадзёнка, ‑і, ДМ ‑нцы, ж.

Абл. Халодная вада. А дзядзька Хрол, ужо абдаўшы халадзёнкаю сцены лазні, уздае поўнай конаўкаю на венікі. Сіпакоў.

халадзі́льнік, ‑а, м.

1. Спецыяльнае збудаванне, памяшканне з паніжанай тэмпературай для захоўвання або перавозкі прадуктаў, якія хутка псуюцца. Вагон-халадзільнік. □ Крыху далей, на другім баку пасёлка, на ўзгорку пад соснамі знаходзіцца рыбакансервавы завод. Побач з ім высіцца белы будынак халадзільніка. В. Вольскі. // Шафа з халадзільнай устаноўкай. Маці вынесла ў тазе на балкон сала, масла і прыкрыла газетай. — Не трэба і халадзільніка, — радавалася яна. — Заўсёды свежае будзе. Даніленка.

2. Частка машыны, спецыяльнае прыстасаванне для ахаладжэння чаго‑н. Халадзільнік паравой машыны.

халадзі́льны, ‑ая, ‑ае.

Які прызначаецца, служыць для ахаладжэння, замарожвання. Халадзільная ўстаноўка.

халадзі́льшчык, ‑а, м.

Рабочы, які абслугоўвае халадзільныя ўстаноўкі, машыны, прадпрыемствы.

халадзі́льшчыца, ‑ы, ж.

Жан. да халадзільшчык.

халадзі́на, ‑ы, ж.

Разм. Моцны холад; халадэча. — Кволая, у сцюжу, у халадзіну, падалася [дзяўчына] з Палесся за Кіеў з мяшком за плячыма. Ракітны. А заўтра ў цэх... А ўранні — халадзіна. І, як заўжды, пад’ем у сем гадзін. Чэрня.

халадзі́ць, ‑ладжу, ‑лодзіш, ‑лодзіць; незак., каго-што.

1. Рабіць халодным; ахалоджваць, астуджваць. Ралля дробна рассыпалася пад плугам і прыемна халадзіла босыя ногі. Чорны. На аўсе яшчэ не абсохла раса. Яна мочыць і халодзіць ногі. Крапіва. / у безас. ужыв. Сёння ў машыне не было да чаго прычапіцца, таму.. [Якаў] адчуў, як пачало халадзіць спіну, і хутка вылез. Кулакоўскі.

2. і без дап. Выклікаць адчуванне холаду. Два грузчыкі.. умасціліся спераду, каля самай кабіны, тварамі супроць ветру, які не пыліць ім у вочы, а толькі прыемна халодзіць. Брыль. Ніна прыпала да вады, якая здалася вельмі чыстай і прыемна халадзіла, — піла, піла і ўсё не магла задаволіцца. Мележ.

3. перан. (звычайна са словамі «сэрца», «душу», «кроў» і пад.). Агортваць холадам пры моцным хваляванні, страху і пад. [Сцяпан] моцна адчуў сваю самотнасць. Гэта пачуццё пракрадвалася і халадзіла яго душу і раней. Дуброўскі. / у безас. ужыв. Ад страху ўсяго.. [Лёньку] халадзіла, і ляцеў ён бы на крылах. Капыловіч.

4. безас. без дап. Пра халоднае надвор’е. Дні стаялі пагодлівыя, а па начах ужо халадзіла, сяды-тады націскаў марозік. Кулакоўскі.

халадзі́шча, ‑а, м.

Велізарны холад.

халаднава́та,

1. Прысл. да халаднаваты.

2. безас. у знач. вык. Пра халаднаватае надвор’е. На вуліцы было халаднавата, дзьмуў нейкі сыры вецер. Арабей. Сонца яшчэ не ўзышло, і было даволі-такі халаднавата, аж рукі стылі. Чарнышэвіч.

3. безас. у знач. вык. Пра адчуванне прахалоды. — Халаднавата, аднак, — сказаў Толя, пагладжваючы голы плячук. Брыль.