Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

хакеі́стка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Жан. да хакеіст.

хаке́й, ‑я, м.

Спартыўная камандная гульня з клюшкамі і шайбай на лёдзе або з мячом на траве. Хакей з шайбай. Травяны хакей.

[Англ. hockey.]

хаке́йны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да хакея. Хакейны матч. Хакейнае поле.

ха́кі,

1. прым. нескл. Шаравата-зялёны, зелянковы. І сярод.. [людзей] быў рослы хлопец у лёгкім шэрым паліто, з-пад якога выглядвала вайсковая гімнасцёрка і штаны колеру хакі. Марціновіч.

2. нескл., н. Тканіна або форменнае адзенне такога колеру. Быць апранутым у хакі.

[Ад інд. khaki — колер гразі, зямлі.]

ха́кнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

1. Аднакр. да хакаць.

2. Гучна выдыхнуць паветра. Маёр ажно хакнуў ад задавальнення. Няхай.

ха́ла, ‑ы, ж.

Біты белы хлеб прадаўгаватай формы. Маці паставіла гасцям гарэлку, шабасовую рыбу, халу. Бядуля.

[Стараж.-яўр.]

халадабо́йня, ‑і, ж.

Невялікая бойня з халадзільнікамі, дзе захоўваюць мяса забітай жывёлы.

халада́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. безас. Пра наступленне халадоў, паніжэнне тэмпературы паветра. Зноў як бы ўзнімаўся вецер і халадала. Чорны. Нізіны зацягвала туманам. Халадала. Шамякін. Халадала. Але ад перагрэтага асфальту ўсё несла чадным духам. Вышынскі.

2. Разм. Тое, што і халадзець (у 2, 3 знач.). І жорсткія думкі, ад якіх аж халадала спіна.., не пакідалі яго [Шмульке] ні на момант. Лынькоў.

3. Разм. Пакутаваць ад холаду; мерзнуць. Бабкі, прабабкі Ішлі пехатой, Ішлі месяцамі Да Лаўры святой. Давалі зарок. Халадалі, пасцілі, Каб іх ацанілі, Грахі адпусцілі. Барадулін.

халаджа́вы, ‑ая, ‑ае.

Які дае, нясе прахалоду. Напоены водарам дзікай красы, Паветрам азёр халаджавых, Былі тыя пушчы, балоты, лясы Як бы самастойнай дзяржавай. Глебка. Гладзь вады ўтаймаваная, ціхая, Халаджавай спакусаю дыхае. Дзяргай.

халадзе́ц, ‑дцу, м.

Страва з загуслага пры ахаладжэнні мяснога або рыбнага адвару з дробнымі кавалачкамі мяса або рыбы. На сталах у гліняных паліваных місах стаяў халадзец, у талерках мяса, на ўсім стале раскладзены булкі. Сабаленка.