халадок, ‑дку, м.
1. Памянш.-ласк. да холад, невялікі холад. [Ануцюнаў:] — Маёру рупіла як мага хутчэй трапіць на аэрадром, далонню адчуць халадок рабрыстай ручкі ўпраўлення, вырвацца ў вышыню. Алешка. На Марыне быў квяцісты халат, пашыты нядаўна. У яго Марына захутала ногі, адчуваючы прыемны халадок шоўку. Шахавец.
2. Свежае, халаднаватае паветра, вецер. Павеяла ранішнім халадком. Колас. // Халаднаватае надвор’е, невысокая тэмпература паветра. Прыходзілі доўгія асеннія ночы.. з вострым халадком першых замаразкаў... Чорны.
3. Цяністае месца, цянёк. Паставілі [маці з Алесем] ад сонца снапы, зрабілі халадок. Брыль. Глухі сядзіць на загуменні ў халадку пад ліпаю і пляце лапці. Якімовіч.
4. Час сутак, калі ўжо спала або яшчэ не наступіла спёка. Халадок, заедзі няма, ехаць добра. Чарнышэвіч. Можна ж падначаваць ды заўтра халадком на ранішні цягнік пайсці. Пальчэўскі.
5. перан. Пра адчуванне лёгкага холаду (ад хвалявання, страху і пад.). І дагэтуль халадок прабягае ў .. [Данілы] [п]а спіне, калі ён уяўляе, якім болем разрывалася ў той дзень сэрца хлопчыка. Мехаў. [Мікалай Пятровіч] нават адчуў на сваёй спіне лёгкі халадок і прыкра хмурыўся, намагаючыся рассеяць нядобры настрой. Каршукоў.
6. перан. Стрыманасць, раўнадушнасць у адносінах да каго‑, чаго‑н. [Маша] адчула і насцярожанасць, з якой ставілася да яе жонка Антона Кузьміча.., але здзівілася, што ў самой яе таксама з’явіўся пэўны халадок у адносінах да Галіны Адамаўны. Шамякін. Непрыемным халадком дыхнула на Пятруську ад гэтых бабчыных слоў: ніколі ён не думаў, што так неспадзявана можна зрабіцца гультаём. Кулакоўскі. — Дык вы амерыканцы? — перапытаў яшчэ раз начальнік, і ў голасе яго адчулася столькі афіцыйнага халадку, што яго хапіла б, каб замарозіць дзесяткі кліентаў. Лынькоў.
•••
Аціраць халадкі гл. аціраць.
З халадком — а) без цікавасці, старання (рабіць што‑н.). Я таго на ўвазе маю, Хто працуе з халадком: Дрэнна ніву засявае, Даглядае — языком. Кляўко; б) раўнадушна адносіцца да каго‑н.