Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

аэравізуа́льны, ‑ая, ‑ае.

Пра назіранні, якія праводзяцца з дапамогай лятальных апаратаў; звязаны з такімі назіраннямі. Аэравізуальная экспедыцыя.

аэраву́зел, ‑зла, м.

Комплекс аэрапартоў і звязаных з імі служб або аэрапорт у пункце злучэння многіх авіяліній.

аэрадро́м, ‑а, м.

Пляцоўка для стаянкі, узлёту, пасадкі і абслугоўвання лятальных апаратаў. Аэрадром займаў вялізнае гладкае поле. Пад аэрадромнымі паветкамі сталі ў шэрагі самалёты. Бядуля.

[Ад грэч. aēr — паветра і dromos — месца для бегу.]

аэрадро́мны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да аэрадрома. Аэрадромная гаспадарка.

аэрадына́міка, ‑і, ДМ ‑міцы, ж.

Навука аб супраціўленні паветра і газаў пры руху розных цел.

[Ад грэч. aēr — паветра і dynamis — сіла.]

аэрадынамі́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае дачыненне да аэрадынамікі, звязаны з ёю. Аэрадынамічная лабараторыя. Аэрадынамічныя якасці самалёта.

аэразды́мка, ‑і, ДМ ‑мцы; Р мн. ‑мак; ж.

Тое, што і аэрафотаздымка.

аэразо́ль, ‑ю, м.

Безліч найдрабнейшых часцінак якога‑н. рэчыва, распыленых у газах або газападобным асяроддзі.

аэраклу́б, ‑а, м.

Грамадская арганізацыя, якая займаецца прапагандай ведаў па паветраплаванню пераважна сярод моладзі.

аэралагі́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да аэралогіі. Аэралагічная станцыя.

•••

Аэралагічны змей гл. змей.