Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ашы́йнік, ‑а, м.

Раменьчык з спражкай, які надзяваецца на шыю сабаку; аброжак. [Леснічыха] пазвала сваіх і шчыра ўзрадавалася, схапіла сабаку за ашыйнік, зацягнула да хлява і прывязала там. Шамякін.

ашынава́ны, ‑ая, ‑ае.

З нацягнутымі шынамі, які мае шыны. Ашынаваныя колы.

ашынава́ць, ‑ную, ‑нуеш, ‑нуе; зак., што.

Нацягнуць, надзець шыны на колы. [Макарку і дзядзьку Ціхону] трэба было сёння ашынаваць абоддзе колаў. Сабаленка.

ашыно́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да ашынаваць.

ашыно́ўка, ‑і, ДМ ‑ноўцы, ж.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. ашыноўваць — ашынаваць.

ашэ́рхлы, ‑ая, ‑ае.

Падсохлы, падмёрзлы; падшэрхлы. Сонца не па-летняму ўжо, але яшчэ зырка свяціла, слізгаючы косымі промнямі па пажоўклай траве, па ашэрхлай ужо восеньскай зямлі. Кавалёў.

ашэ́стак, ‑тка, м.

Абл. Жэрдачка пад столлю ў сялянскіх хатах, на якую што‑н. вешаюць. — Ну, не разыходзься так, — спакойна азваўся Пракоп: — а то завярнуся і пайду, — пастрашыў ён жонку, вешаючы на ашэстак кажух. Колас.

аэра...,

Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню словам «авіяцыйны», «паветраны», напрыклад: аэраклуб, аэрамаяк, аэранавігацыя.

[Ад грэч. aēr — паветра.]

аэравакза́л, ‑а, м.

Вакзал аэрапорта.

аэравізуа́льны, ‑ая, ‑ае.

Пра назіранні, якія праводзяцца з дапамогай лятальных апаратаў; звязаны з такімі назіраннямі. Аэравізуальная экспедыцыя.