Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ашчані́цца, ашчэніцца; зак.

Нарадзіць, прывесці шчанят (пра суку, лісу, ваўчыцу).

ашчапе́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак., каго-што.

Разм. Моцна абхапіць, абняць. Ашчаперыўшы.. рыжаватую сынаву галаву,.. [Агата] моцна заплакала на ўсю хату. Мурашка.

ашчапі́ць, ашчаплю, ашчэпіш, ашчэпіць; зак., каго-што.

Разм. Тое, што і абшчапіць. — Андрэйка! — ускрыкнула.. [бабулька Макрына], ашчапіла ўнука жылістымі рукамі за шыю і пацалавала яго ў лоб. Дуброўскі.

ашчарэ́піць, ‑плю, ‑піш, ‑піць; зак., каго-што.

Разм. Тое, што і ашчаперыць. — Та-ата! — усклікнуў Марык і спрытна ашчарэпіў бацьку за шыю. Пальчэўскі.

ашчаслі́віць, ‑ліўлю, ‑лівіш, ‑лівіць; зак., каго.

Зрабіць каго‑н. шчаслівым; прынесці радасць каму‑н. Кіра, відаць, баіцца не за шчасце, а самога шчасця — ці справіцца з ім, ці будзе варта яго, ці таксама ашчаслівіць таго, хто ашчаслівіў яе. Карпаў. [Тварыцкаму] хацелася і ашчаслівіць дачку, і адарвацца, адрачыся, ачысціцца ад свайго мінулага, знішчыць у сабе ўсе яго сляды. Кудраўцаў.

ашчаслі́ўлены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад ашчаслівіць.

ашчаслі́ўліваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да ашчаслівіць.

ашчаці́нены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад ашчацініць.

ашчаці́ніцца, ‑нюся, ‑нішся, ‑ніцца; зак.

1. Наставіць хіб, шчацінне ад злосці, страху і пад. Сабака ашчацініўся, гатовы ўкусіць. // Стаць старчма, дыбам, нібы шчацінне (пра валасы, вусы і пад.). Непакорная чупрына над вузкім сухім ілбом... [Есіпа] яшчэ больш ашчацінілася, плечы ўзняліся аж да вушэй. Дуброўскі. // перан. Выставіць якія‑н. вострыя прадметы (штыкі, пікі, калы і пад.). Натоўп загудзеў, скрануўся з месца, і раптам уся трыбуна ашчацінілася па загаду канапатага вінтовачнымі стваламі. Няхай. Ад сонца перасохла зямля на полі, патрэскалася і ляжыць голымі камякамі, ашчацініўшыся рэдкімі вузкімі і вострымі калівамі нізкарослай ярыны. Галавач.

2. перан. Разм. Узлавацца, стаць раздражненым. — Куды, паршывец! — ашчацініліся мужыкі. Бажко.

ашчаці́ніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак., што.

Паставіць дыбам шчацінне. // перан. Выставіць якія‑н. вострыя прадметы (штыкі, пікі, калы і пад.). Лавінай нечаканаю вайна, Усё знішчаючы перад сабой, На мірны край абрушылася наш, Стальныя ашчацініўшы штыкі. Танк.