ачуме́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.
Разм. Страціць разважлівасць; адурэць. Як праслухаў далей старога, дык ачумеў і не ачухаўся, аж пакуль да нас дабег. Шынклер.
ачу́ньванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. ачуньваць — ачуняць.
ачу́ньваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да ачуняць.
ачуня́лы, ‑ая, ‑ае.
Які ачуняў, паправіўся пасля хваробы; які ажыў. Пазбавіўся ён ад турэмных сухот Ля цёплага мора, у сонечным Крыме. І вось, ачунялы, ў сябе на радзіме, У родных Варках апынуўся праз год. Зарыцкі. Вяз ачунялы дрэмле стомленым аленем рагатым, сніць, што ён ужо ў лісце апрануты з нізу да верху. Барадулін.
ачуня́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак.
Паправіцца пасля хваробы; ажыць. Лялькевіч пры добрым Сашыным і Поліным доглядзе хутка ачуняў, раны яго «гаіліся, як ад жывой вады», — жартаваў ён сам. Шамякін. / у перан. ужыв. Згарэла ад міны хата, пажухлі таполі, не ачунялі. Пташнікаў. // Апрытомнець. Толькі па пэўным часе ганарыстая і храбрая світа ваяводы Даўнаровіча крыху ачуняла ад жывёльнага страху. Паслядовіч.
ачу́хацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
Разм. Апрытомнець; апамятацца; ачуняць. Колькі ляцеў я — не памятаю. А калі ачухаўся і расплюшчыў вочы, убачыў я, што ляжу на броўцы. Лынькоў. [Доўбік] праз які месяц ачухаўся ад кантузіі і зноў на перадавую. Гроднеў.
ачу́хвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.
Незак. да ачухацца.
ачу́цца, ачуюся, ачуешся, ачуецца; зак.
1. Прыйсці да памяці, ачнуцца; акрыяць. Колькі ехала і як ехала, [Зося] не ведала. Ачулася толькі, калі конь сам на двор узышоў. Крапіва. Праз хвіліну яна ачулася, акрыяла, разгарнула крылцы і фуркнула з рукі настаўніка ў свежае веснавое паветра. Колас.
2. Падаць голас, стаць чутным; пачуцца. Першай ачулася Рагіна і выбегла з-за перагародкі. Адамчык. Рыгор пачуў стук крокаў, якія раптам ачуліся ззаду і хутка набліжаліся да іх. Гартны. Каб у нас мядзведзі вяліся. Не-е... А вось ачуліся. Пташнікаў.
3. Прачнуцца, праявіцца. [Вера:] — Шанавала я свае пачуцці да вас, таму маўчала, чакала, можа, бацькоўскае сэрца ачуецца. Дуброўскі.
4. Апынуцца. Карцела жаданне як найхутчэй кончыць дарогу, выйсці з цеснага душнага вагона і ачуцца на вуліцы Рыгі. Гартны.
ачына́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.
Незак. да ачнуцца.
ачы́стка, ‑і, ДМ ‑тцы, ж.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. ачышчаць — ачысціць; дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. ачышчацца — ачысціцца.
•••
Для ачысткі сумлення — каб супакоіцца.