Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ачмуці́ць, ачмучу, ачмуціш, ачмуціць; зак., каго.

Разм. Адурманіць; абдурыць.

ачну́цца, ачнуся, ачнешся, ачнецца; ачнёмся, ачняцеся; зак.

1. Прачнуцца, абудзіцца. Як ачнуўся, была ўжо раніца. Краўчанка. / у перан. ужыв. Вось толькі няхай падгуляе, няхай ачнецца ў .. [дзеда Мікіты] яго маладая бунтоўная кроў, — не выцерпіць, прасуне рукі ў камяні-жарнавікі і пойдзе з гэтымі камянямі, як з лёгкімі кацёлкамі, упрысядкі па хаце. Колас.

2. Апрытомнець, апамятацца. Калі.. [Палазок] ачнуўся, пякучы боль быццам аціх, але ўсё цела дрыжала, а ў галаве моцна шумела. Колас. // Выйсці са стану глыбокай задуменнасці, забыцця; схамянуцца. Казімір ачнуўся ад успамінаў, якія прамільгнулі перад ім кароткімі малюнкамі,.. і рвануў краёчак канверта. Краўчанка.

ачо́мацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Разм. Апамятацца, агледзецца, разабрацца ў новых, нечаканых абставінах. Было відаць, багата хто быў як бы аглушан бачаным, не мог ачомацца. Мележ. Не паспеў Міхась ачомацца ад страшнага відовішча, як недзе над вёскай пачаўся свіст бомбаў і траскатлівыя выбухі. Асіпенка. Калі ж Вайцех ачомаўся, на памяць яму ўсплыў адзін малюнак. Пташнікаў.

ачо́с, ‑у, м.; зб.

Адходы пры часанні воўны і пад.; тое, што і ачоскі. Ільняны ачос. Ваўняны ачос.

ачо́скавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да ачоскаў.

ачо́скі, ‑аў; адз. няма.

Рэшткі, адходы пры часанні. Ільняныя ачоскі.

ачува́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.

Незак. да ачуцца.

ачужэ́лы, ‑ая, ‑ае.

Які страціў сувязь з блізкімі, знаёмымі, аддаліўся, стаў чужым. Тры дні.. [Даніла] тады нічога не браў у рот, а хадзіў, як разбіты, — пануры і ачужэлы. Скрыган.

ачужэ́ць, ‑эю, ‑эеш, ‑эе; зак.

Страціць сувязь з блізкімі, знаёмымі, стаць чужым. — От, братка, — кажа сястра, — ты ўжо нават пазабываўся, як што і зваць, ты ўжо зусім ачужэў. Скрыган.

ачуме́лы, ‑ая, ‑ае.

Разм. Які страціў разважлівасць; адурэлы. Час быў выйграны. Гітлераўцы, адстрэльваючыся, беглі, як ачумелыя. Кавалёў.