урана́ты, ‑аў; адз. уранат, ‑у, М ‑наце, м.
Солі уранавай кіслаты.
уранграфі́тавы, ‑ая, ‑ае.
З уранам у якасці ядзернага паліва і графітам у якасці запавольніка.
ураніні́т, ‑у, М ‑ніце, м.
Мінерал, бязводны вокісел урану.
ура́нку, прысл.
Абл. Раніцай. — А бульбу мамка ўранку варыла, — ахвотна азвалася малое. Быкаў. У канцы кастрычніка на нізкіх мясцінах пачалі паяўляцца ўранку сівыя замаразкі. Курто. Кастусь затрымаўся — уранку Ён ездзіў па кніжкі ў раён. Калачынскі.
ура́нні, прысл.
Абл. Раніцай. Амаль ніхто не спаў, бо ўсе ведалі, што ўранні пачнецца бой за Мінск. Мележ. Восень. Уранні дзеткам не так смачна і доўга спіцца, як увесну і ўлетку. Гарэцкі. Стала холадна, усё цела працялі дрыжыкі: і не так ад таго, што вада ўранні халодная, як ад трывогі — што там, за ракой? Кухараў.
ура́рты, ‑аў.
Народ, які насяляў старажытную дзяржаву Урарту.
ура́рцкі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да ўрартаў, які належыць, уласцівы ім. Урарцкая мова.
урассыпну́ю, прысл.
У розныя бакі, паасобку; не строем. Наступаць урассыпную. □ — Самалёт! Самалёт! — трывожна закрычалі дзеці на дварэ і кінуліся ўрассыпную. Шахавец. Лётчыкі ўрассыпную рушылі да аўтобуса. Алешка.
ураста́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле дзеясл. урастаць — урасці (у 1, 3 знач.).
ураста́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да урасці.