ураза́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. уразаць — урэзаць.
ураза́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да урэзацца.
2. Зал. да уразаць.
ураза́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да урэзаць (у 1–3 знач.).
уразбі́ўку, прысл.
Не захоўваючы парадку размяшчэння, паслядоўнасці, не падрад. Правяраць табліцу множання ўразбіўку. // Спец. З разрэджанай расстаноўкай літар у слове для выдзялення яго ў тэксце. Набраць слова ўразбіўку.
уразбро́д, прысл.
У беспарадку, паасобку, нядружна. Курсанты павярнуліся ўразброд. Новікаў. Птушкі выбраліся скора, Чарадою і ўразброд. Глебка. Некаторыя [дзяўчаты] спужаныя ад нечаканасці, другія са здзіўленнем адарваліся ад працы, паспешна разагнуліся, прывіталіся ўразброд... Васілевіч. // перан. Без лагічнай паслядоўнасці (пра думкі, словы і пад.). Людзі перагаворваліся вяла, за няшчырымі ўразброд словамі хаваліся нейкія важныя думкі, а можа, і справы. Асіпенка.
уразва́лку, прысл.
Разм. Перавальваючыся з адной нагі на другую, не спяшаючыся. Падрыўнік ішоў уразвалку і, гарэзна пасміхваючыся, заўзята расказваў нешта суседу. Мележ. Хадзіў.. [Ігнась] уразвалку, гаварыў мала і паволі, нібы ўзважваючы кожнае слова. Гурскі. Князеў падышоў да.. [Зыскевіча-Будзілоўскага] не спяшаючыся, уразвалку, працягнуў руку. Навуменка. Ідзе.. [Бачурка], бывала, па вуліцы, быццам гаспадар усяе зямлі. Уразвалку, не спяшаючыся. Гроднеў.
ураздро́б, прысл.
Разм. Часткамі; у розніцу. У XV і XVI стагоддзях Маладзечна бясконца перадавалася, прадавалася поўнасцю і ўраздроб то аднаму, то другому магнату. «Беларусь».
ура́зіць, уражу, уразіш, уразіць; зак., каго-што.
1. Зрабіць вялікае ўражанне, моцна ўсхваляваць, устрывожыць. Партызанскі гарадок нас уразіў сваім выглядам і нейкай няўлоўнай урачыстасцю. Няхай. Сустрэча з цівуном і аратым так уразіла.. [Кастуся], што ён доўга не мог апамятацца. Якімовіч.
2. Балюча закрануць, пакрыўдзіць каго‑, што‑н. [Лабановіч] стараўся выправіць і адзначыць [памылкі] так, каб не пакрыўдзіць і не ўразіць чулае дзіцячае сэрца. Колас. Словы гаспадыні так уразілі .. [Віцю], што хлопец разгубіўся. Адразу зрабілася горача. Нядзведскі.
уразла́д, прысл.
Разм. Не ладзячы між сабою. Жыць уразлад. // Нязладжана, бязладна. Спяваць уразлад. □ Скрозь густоту зараснікаў убачыла тры пары ног, што ступалі ўразлад, як папала. Асіпенка.
ура́злівасць, ‑і, ж.
Уласцівасць і стан уразлівага.