Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

урабі́ць, ураблю, уробіш, уробіць; зак., каго-што.

Разм.

1. Падрыхтаваць зямлю для пасеву; абрабіць. [Дзед:] — Зямлі ў нас няшмат, ды без каня яе не ўробіш. Якімовіч. [Вяргейчык:] — Году не пройдзе — на папялішчах хаты вырастуць... І поле сваё ўробім. Сачанка. Забрукуем вуліцы, зямлю ўробім, як пух, машыны будуць араць і сеяць. Грахоўскі.

2. Вымазаць, упэцкаць у што‑н. Асцярожна пераступалі [людзі] праз пабітую цэглу, у цагляны пыл урабілі шэрыя халаты, рукі. Лынькоў. А можа яшчэ не абсохлі ногі, калі.. [Наста] ўрабіла іх у гразь, падпіхаючы ў рацэ ля спаленага моста калёсы? Пташнікаў.

3. Умацаваць, уставіць куды‑н., у што‑н. Урабіць замок у дзверы.

4. Уплесці вязаннем. Урабіць пяту ў панчоху.

урабля́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле дзеясл. урабляць — урабіць (у 1 знач.).

урабля́цца, ‑яецца; незак.

Зал. да урабляць.

урабля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.

Незак. да урабіць (у 1 знач.).

урага́н, ‑у, м.

1. Вецер разбуральнай сілы, моцная бура. Пачаўся ў лесе Ураган. Дрыжыць, хістаецца будан. Дзеружынскі. / у вобразным ужыв. А вогненны ўраган усё грымеў і грымеў. Мележ.

2. перан.; чаго. Пра вялікую сілу, імклівасць руху, хуткасць ажыццяўлення чаго‑н. Ураган вайны бушаваў над нашай краінай. «Маладосць».

3. у знач. прысл. урага́нам. Вельмі хутка, імкліва. Пранесціся ўраганам. Наляцець ураганам.

[Фр. ouragán.]

урага́нны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да ўрагану. Ураганны вецер.

2. перан. Вельмі моцны, падобны сіле ўрагану. Пасля ўраганнага абстрэлу, калі нямецкае камандаванне рашыла, што ўжо ўсе гнёзды супраціўлення падаўлены, яно накіравала ў крэпасць танкі і пяхоту. «Беларусь».

ура́д, ‑а, М ‑дзе, м.

Вышэйшы выканаўчы і распарадчы орган дзяржаўнай улады, які ажыццяўляе непасрэднае кіраванне краінай. Савецкі ўрад. Буржуазны ўрад. Рэвалюцыйны ўрад. □ Толькі дзякуючы Саветам удалося ў Расіі тое, што не ўдавалася ні ў адной з еўрапейскіх рэвалюцый, народ вылучыў і даў апору сапраўднаму народнаму ўраду. Ленін. // Члены такога органа. Урад пайшоў у адстаўку.

ура́давы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да ўрада. Урадавыя ўстановы. Урадавая камісія. □ Урадавых узнагарод у сувязі з юбілеем камсамола ўдастоены і многія яго арганізацыі. Машэраў.

•••

Урадавы крызіс гл. крызіс.

урада́н, ‑у, м.

Лекавы сродак, які садзейнічае выдзяленню з арганізма мачавой кіслаты.

ураджа́й, ‑ю, м.

1. Колькасць збожжа, пладоў, траў, ягад, грыбоў і пад., якая ўрадзілася, вырасла. У садзе маладым ля хаты, Што вырас тут пасля вайны, На яблыкі ўраджай багаты — Да долу дрэўцы гнуць яны. Непачаловіч. [Сакратар партарганізацыі:] — Каб збіраць двухсотпудовыя ўраджаі, трэба добра асвоіць перадавую аграбіялогію. Паслядовіч. Сама паненка захацела прыняць удзел у зборы ўраджаю, але спалохалася ракаў. Маўр.

2. Вялікая колькасць, багацце збожжа, сена, пладоў, караняплодаў, грыбоў, усяго таго, што ўрадзіла. Лета было добрае, пагода спрыяла ўраджаю і рабоце. Колас. Калі добра ўзарэш, то і ўраджай збярэш. Прыказка. // перан. Разм. Пра з’яўленне вялікай колькасці каго‑, чаго‑н. На будоўлі .. [Яцкевічу] падаваецца — весела, хлопцаў многа, ды і на дзяўчат ураджай. Дадзіёмаў.