ураджа́йнасць, ‑і, ж.
1. Здольнасць глебы, расліны і пад. даваць пэўны ўраджай. Павысіць ураджайнасць ільну. □ [Лясніцкі:] — Колькі трэба будзе працы прыкласці, каб вярнуць зямлі даваенную ўраджайнасць. Шамякін.
2. Узровень ураджаю з пэўнай плошчы пасеву. Падлічыць ураджайнасць бульбы з аднаго гектара.
ураджа́йны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да ўраджаю. Ураджайныя ведамасці.
2. Які характарызуецца багатым ураджаем. Быў той год ураджайным, як ніколі. Жыты ў полі стаялі сцяной. Лынькоў. Сподам сцелецца ягаднік — яркія пацеркі суніц і сіваватыя, асабліва ўраджайныя сёлета, чарніцы. Брыль. // перан. Разм. Багаты на што‑н. 1958 і 1959 гады былі ўраджайныя на першыя паэтычныя зборнікі і ў пераважнай большасці добрыя. Лужанін. На паэмы пасляваенны час, можна сказаць, быў у нашай літаратуры ўраджайны. Лойка.
3. Які вызначаецца высокай ураджайнасцю. Ураджайны сорт пшаніцы. Ураджайная культура.
ураджэ́нец, ‑нца, м.
Чалавек, які нарадзіўся ў якой‑н. мясцовасці, родам з якой‑н. краіны, горада і пад. Мікалай Міхайлавіч быў ураджэнцам Заходняй Беларусі, першыя гады яго маленства прайшлі пры панскім падняволлі. Хадкевіч. — Вы, напэўна, мясцовы ўраджэнец? — пытаюся я [у Высоцкага]. В. Вольскі.
ураджэ́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Жан. да ураджэнец.
урадзі́цца, ураджуся, уродзішся, уродзіцца; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Вырасці, паспець (пра плады, злакавыя расліны і пад.). — А як авёс наш урадзіўся? Схадзіць бы ў Ліпава пабачыць! Колас.
2. Разм. Нарадзіцца, з’явіцца на свет (пра чалавека). [Жонка:] Я ведаю, што гавару. Бачыла я калі прасветлую гадзіну? Або Марыльчына дзіця ўрадзілася на вялікае шчасце? Чорны. // Аказацца з якімі‑н. якасцямі, асаблівасцямі ад нараджэння. [Адам] прывык да сваёй адзіноты. Апраўдваўся: такі ён ужо ўрадзіўся. Замкнуты, нелюдзімы. Вышынскі. // у каго. Нарадзіцца падобным на каго‑н. Урадзіцца ў бацьку. □ — Дзіва што, — казала [Кліменту] Анісева маці. — Месца табе трэба шмат... І ў каго ты ўрадзіўся такі гмах? Хадкевіч.
урадзі́ць, ураджу, уродзіш, уродзіць; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Даць ураджай, плады. Усё ўрадзіла — жыта, ячмень, авёс, бульба, лубін... Пестрак. Урадзілі [вішні], аж голле абвісае ад ягад. Кулакоўскі. [Піліпёнак:] — Корму сёлета канюшына многа дала, а вось насенне нешта не ўрадзіла. Шахавец.
2. каго. Разм. Нарадзіць. [Бацька:] — Урадзіў я на гора цябе, на сваю галаву. Галавач.
урадлі́васць, ‑і, ж.
1. Здольнасць забяспечваць расліны пажыўнымі рэчывамі, даваць ураджай. Адной з істотных уласцівасцей глебы з’яўляецца ўрадлівасць. «Весці». Розныя глебы па ўрадлівасці — розныя нормы высеву. Ермаловіч. Тост за калгасную нашу сям’ю, Ніў залатых урадлівасць; Тост за глыбокую ў полі раллю І за руплівае жніва! Танк.
2. Ураджайнасць (у 1 знач.).
урадлі́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Які вызначаецца ўрадлівасцю (у 1 знач.). Зямля тут [у Суханах] была ўрадлівая, але, як амаль і ўсюды на Беларусі, цяжкая і працаёмкая. Машара. На спрадвечнай багне, ператворанай рукамі людзей ва ўрадлівыя палі, густою сцяною паднялося жыта. Шахавец. Кірыла ішоў берагам Дняпра па знаёмай дарозе і не пазнаваў некалі ўрадлівых палёў. Гурскі.
2. Тое, што і ураджайны (у 2 знач.). Урадлівы год. □ Па дарозе трапляліся такія ўрадлівыя кусты чарніц, што каб хаця на хвіліну нагнуцца, то поўныя былі б і рот і прыгаршчы. Кулакоўскі. Яшчэ нядаўна гарэлі яркай пазалотай урадлівыя мачужыцкія сады, а сёння яны скінулі апошняе лісце. Кухараў.
ура́днік, ‑а, м.
1. У дарэвалюцыйнай Расіі — ніжэйшы чын павятовай паліцыі.
2. Унтэр-афіцэр у казацкім войску царскай арміі.