Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

упярэ́мешку, прысл.

У беспарадку, перамешана. Едзем мы са Стоўбцаў. Спачатку паказваецца возера, але млына не відаць, мабыць, яго ўжо няма тут. Пасля пацягнуўся малады хвойнік упярэмешку з рэдкімі старымі дрэвамі. С. Александровіч. Паступова багатая расліннасць збожжа пачынае саступаць месца мізарнейшай, пракідаюцца пескавыя глебы ўпярэмешку з вільготнымі паплавамі. Мурашка.

упяцёх, прысл.

У колькасці пяці чалавек (толькі пра мужчын ні толькі пра жанчын). [Алесь:] — Мсціслаў, Пятрок, Ясюкевіч, Мацей Біскуповіч, Усяслаў Грыма... ну, і я. Мы ўпяцёх узяліся за людзей, якіх ведалі. Разумееш, у хлопцаў справа пайшла весялей. Караткевіч.

упя́цца, упнуся, упнешся, упнецца; упнёмся, упняцеся; пр. упяўся, упялася; заг. упніся; зак.

1. Уперціся ў што‑н. для апоры, адштурхоўвання, супраціўлення. Не здольны ўжо разважаць,.. [Яўхім], як стаяў, упяўся лапцямі ў разору, закрычаў: — Не пушчу!!! Мележ. Тады Ігналь пабег у парог, зняў з вешалкі кажух і апрануў; сунуў босыя ногі ў валёнкі, упяўся ў дзверы. Лупсякоў. // Моцна ўхапіцца, учапіцца за што‑н. — А-а! — Славік завыў, як дзікун. Але волі хапіла не перакінуць нагі з педалі газу на педаль тормаза. Упяўся да болю ў баранку. Шамякін.

2. Напружыць свае сілы, напяцца. Гняды аж упяўся крыху, пакуль з месца крануў, але нічога, павёз. Чарнышэвіч.

3. перан. Разм. Уперціся, не захацець згадзіцца з чым‑н. — Не, браце, ты мне дай не кабылу, а жаробку.. — Хведар пасунуўся следам за Варывонам і ўсё шаптаў сам сабе разважліва: — Такі, мусіць, жаробкі не дасць. От як упяўся. Чорны.

упя́ць, упну, упнеш, упне; упнём, упняце; пр. упяў, упяла; заг. упні; зак., што.

Разм. Уставіць вочы, позірк у каго‑, што‑н. Лясніцкі ўпяў гарачы погляд у паненку, з ліхаманкавым хваляваннем сачыў за кожным яе рухам. Зарэцкі. — Сядзіць неяк.. [сабака] пад сасной. Упяў вочы ўгору ў адну кропку і не варухнецца. Хадкевіч.

упяцяры́х, прысл.

Колькасцю ў пяць асоб (рознага полу) або істот (ніякага роду). Калень гэты, нібыта яго ўзялі і наўмысля пагаблявалі, роўны і гладкі, што твой стол. Можна сесці ўпяцярых. Васілевіч.

упячы́, упяку, упячэш, упячэ; упячом, упечаце, упякуць; пр. упёк, упякла, ‑ло; заг. упячы; зак.

1. што. Спячы; добра прапячы. Упячы хлеб.

2. каго. Разм. Адправіць куды‑н. супраць волі. У польскай арміі.. [Максіма] ў страявую часць не ўзялі, а ўпяклі ў санітарны батальён. Машара. // Пасадзіць у турму, зняволіць. — Ды не! — запярэчыў .. [Лабановіч] сам сабе. — Некаму гэта патрэбна. Вось жа і мяне ўпяклі ў астрог, нават не паклапаціўшыся падперці прысуд доказамі. Колас. [Антось:] — Эх ты, чалавек — на галаве шапка! На каго ж ты пойдзеш са скаргай? На роднага брата! Табе будзе добра, як яго ў каталажку ўпякуць? С. Александровіч.

3. каго. Разм. Папракнуць каго‑н., з’едліва сказаць што‑н. каму‑н. — Мала ж ты каму верыш! — упёк.. [Башлыкова] хтосьці з залы, голасна, злосна. Мележ. Кожнае Званцова слова здавалася .. [Макару] зручным, каб упячы і яго, і Ёсіпа. Дуброўскі.

4. што. Разм. Марна патраціць, выдаткаваць. Паказальную кашару будавалі! — грошы ўпяклі, а карысці ніякай. Асіпенка.

5. па чым. Разм. Выцяць каго‑н. З усяго размаху ўпёк па спіне.

упячы́ся, упячэцца; упякуцца; пр. упёкся, упяклася, ‑лося; зак.

Спячыся да поўнай гатоўнасці. Хлеб добра ўпёкся.

ура́, выкл.

1. Баявы вокліч у час атакі. — Ура! — закрычалі байцы і рынуліся ў бой. / у знач. наз. Каля нямецкіх акопаў затрашчалі кулямёты, сталі часта лажыцца міны. Паднялося дружнае, напорыстае «ура». Мележ. На страсе хаты ўвесь час не змаўкаў кулямёт. Сярод гэтага гулу Коля чуў далёкае шматгалосае «ура!». Ставер.

2. Вокліч, які выражае захапленне, адабрэнне чаго‑н. Людзі кінуліся да Васіля Іванавіча, ледзь не заціснулі яго ў сваіх абдымках, падхапілі на рукі. — Родненькі! Дарагі! Ура партызанам! Лынькоў. — Пажар на Ўсходзе! Таварышы, ур-р-ра! Чарот. / у знач. наз. Узляцелі ў вышыню пілоткі, Грымнула «ура!» — канец вайне. Смагаровіч.

•••

На ура — а) рашучай атакай з крыкамі «ура»; б) перан. з энтузіязмам, горача; в) перан. не падрыхтаваўшыся, спадзеючыся на выпадковы поспех.

урабілі́н, ‑у, м.

Жоўтае фарбавальнае рэчыва з групы жоўцевых пігментаў.

[Ад грэч. úron — мача і лац. bilis — жоўць.]

урабі́цца, ураблюся, уробішся, уробіцца; зак.

Разм.

1. у што і без дап. Вымазацца, упэцкацца ў што‑н. [Варвара:] — Ой, дзядзька, дзе гэта вы так урабіліся? Місько.

2. Напрацавацца. [Гаспадыня:] — То, можа, вам ужо будзе сядзець, кладзіцеся... Нябось, уходаліся за дзень, урабіліся. Масарэнка.