Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ура́злівы, ‑ая, ‑ае.

Здольны жыва адчуваць, успрымаць што‑н. [Вера:] — Які ты ўразлівы, ужо і крыўдуе. А баба што — не чалавек? Машара. Вася заўжды ўразлівы, насцярожаны. Яго натуру ўдала падкрэслівае і вонкавы выгляд: непаслухмяна ўзварушаны чуб, кірпаты нос, доўгая шыя на завостраных плечыках, вялікія адтапыраныя вушы, якія ўдзень свецяцца наскрозь. Карамазаў. // Такі, якога лёгка вывесці з раўнавагі. Уразлівае сэрца.

уразнабо́й, прысл.

Разм. Нязладжана. нядружна, паасобку. Цяпер усе [хлопцы] гаварылі голасна, уразнабой. Мележ. Жанчыны крычаць уразнабой, просяць адпусціць іх. Ад карты падымае галаву афіцэр, штосьці гаворыць унтэру. Асіпенка.

уразно́с, прысл.

Разм. Разносячы (тавары і пад.) па хатах, па вуліцах. Гандляваць уразнос.

уразны́, ‑ая, ‑ое.

Урэзаны, устаўлены ў выразанае месца, а таксама прызначаны для ўразання. Уразны замок.

уразрэ́з, прысл.

У выразе: ісці ўразрэз з чым гл. ісці.

уразуме́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. уразумець.

уразуме́ты, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад уразумець.

уразуме́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак., што.

1. Зразумець, ахапіць розумам. Уразумець ісціну.

2. Асэнсаваць што‑н. Уразумець свой патрыятычны абавязак. □ Азірнуцца і ўразумець, што з табою здарылася, ці жывая ты — няма калі... Няма калі перавесці дух і азірнуцца на казачную прыгажосць падземнага царства. Васілевіч. Але ў гэты момант адбылося нешта такое, чаго Мірон зусім уразумець не мог. Маўр.

3. Усвядоміць, зразумець што‑н. Уразумець свае памылкі. □ [Брат] яшчэ не мог уразумець Зосінага ўчынку. Чорны.

уразумява́цца, ‑аецца; незак.

Зал. да уразумяваць.

уразумява́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да уразумець.