Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

урака́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да урачы, уракнуць.

уракну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

Тое, што і урачы. А сакрэты былі такія, што ў Грыбка цяліцу нехта ўракнуў, і яна ні есці, ні піць не бярэ. Мележ.

уралагі́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да уралогіі. Уралагічны кабінет.

уралі́т, ‑у, М ‑ліце, м.

1. Мінерал валакністай будовы; разнавіднасць рагавой падманкі.

2. Спецыяльная сумесь, якая ўжываецца для вырабу вогнеўстойлівага кардону, электраізалятараў і пад.

уралі́тавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да ураліту; які ўтрымлівае ураліт, зроблены з ураліту.

урало́гія, ‑і, ж.

Галіна медыцыны, якая вывучае хваробы мочапалавых органаў, распрацоўвае метады іх лячэння і прафілактыкі.

[Ад грэч. úron — мача і logos — вучэнне.]

ура́н, ‑у, м.

Радыеактыўны хімічны элемент.

[Ад уласн. імя.]

ура́навы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да урану; які складаецца з урану, які змяшчае ў сабе уран. Уранавая руда, Уранавае радовішча. Уранавыя мінералы. // Атрыманы з урану і яго злучэнняў. Уранавыя сплавы.

•••

Уранавая бомба — атамная бомба, у якой ядзерным зарадам з’яўляюцца ізатопы урану.

уранагра́фія, ‑і, ж.

Уст. Апісанне зорнага неба, бачных простым вокам зорак і сузор’яў.

урана́ты, ‑аў; адз. уранат, ‑у, М ‑наце, м.

Солі уранавай кіслаты.