ахо́даць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
Разм. Управіцца, справіцца, пакончыць з кім‑, чым‑н., завяршыць якую‑н. работу. — Цяжкавата такую прастору касой аходаць, — гаварыў Антось Жыгалка. Дуброўскі. Як толькі Андрэйка ўзняўся на ногі гэтак, што без старэйшага брата мог аходаць зямлю, Броня пайшоў у старую кузню вучыцца за каваля. Чорны.
ахо́п, ‑у, м.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. ахапіць.
ахо́плены, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад ахапіць.
ахо́плівацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.
Незак. да ахапіцца.
ахо́пліваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да ахапіць.
ахо́пны, ‑ая, ‑ае.
Які ахоплівае з розных бакоў. Ахопны рух. Ахопная рыфма.
ахо́ўванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. ахоўваць; ахова.
ахо́ўвацца, ‑аецца; незак.
Зал. да ахоўваць.
ахо́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.
1. Абараняць каго‑, што‑н. ад чыіх‑н. нападаў, варожых дзеянняў; вартаваць; сцерагчы. На гэты раз чыгунку ахоўвала ўзмоцненая варта. Краўчанка.
2. Берагчы, шанаваць. Сырой вады Уладзік, ахоўваючы здароўе, не піў, у яго заўсёды была ў запасе гатаваная. Колас.
3. Засцерагаць ад чаго‑н. шкоднага, непрыемнага. Галіны дрэваў, што былі над імі [людзьмі], амаль не ахоўвалі ад вады. Мележ.
ахо́ўнік, ‑а, м.
1. Асоба, якая ахоўвае. сцеражэ каго‑, што‑н.; вартаўнік. Колышаў першы прабег кантрольную будку, за якой наткнуўся на аднаго спалоханага ахоўніка. Мележ.
2. Той, хто беражэ, шануе каго‑, што‑н. Жанчыны з бурным мінулым — гэта Максім Сцяпанавіч заўважаў не адзін раз — найлепшыя і самыя строгія ахоўнікі сям’і. Карпаў.