ахвя́ра, ‑ы, ж.
1. Прадмет або жывая істота, прынесеныя ў дар бажаству паводле абрадаў некаторых рэлігій.
2. Добраахвотная ўступка, адмаўленне, адрачэнне на карысць каго‑, чаго‑н. Навука патрабуе ахвяр. Ахвяра пешкі. □ Галіна перайшла да сваёй цёткі, уступіўшы свой пакой Андрэю. Андрэй спачатку не згаджаўся прыняць такую ахвяру. Рамановіч.
3. Пра таго, хто пацярпеў або загінуў ад якога‑н. няшчасця, стыхійнага бедства, сацыяльнага зла, нядобрых людзей. Ахвяры вайны. Ахвяра аўтамабільнай катастрофы.
•••
Пасці ахвярай чаго гл. пасці.
Прынесці ў ахвяру што гл. прынесці.
ахвярава́льнік, ‑а, м.
Уст. Той, хто прыносіць што‑н. у дар каму‑, чаму‑н.
ахвярава́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. ахвяраваць.
2. Уст. Тое, што і ахвярапрынашэнне (у 1 знач.). У гэты ж самы вечар, пры святле вогнішча, адбылося ахвяраванне. Маўр.
3. Дар, узнос на карысць якой‑н. асобы, установы (звычайна з мэтай дабрачыннасці). Прыватнае ахвяраванне.
ахвярава́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад ахвяраваць.
ахвярава́цца, ‑руецца; незак.
Зал. да ахвяраваць.
ахвярава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак. і незак.
1. каго-што і без дап. Добраахвотна аддаць (аддаваць), прынесці (прыносіць) у дар што‑н. Пані Вашамірская ахвяравала на званіцу старасвецкія пярсцёнкі з дарагімі камянямі. Бядуля. У гэты перыяд М. Федароўскі ахвяруе многім .. музеям сабраныя ім на Беларусі прадметы матэрыяльнай культуры. Саламевіч.
2. кім-чым. Не пашкадаваць (не шкадаваць) каго‑, чаго‑н., адмовіцца (адмаўляцца) ад каго‑, чаго‑н. Грысь адзначыў: — Пчала ахвяруе сваім жыццём, калі трэба... Кулакоўскі. [Артысты] летась ахвяравалі сваім адпачынкам і ездзілі з канцэртамі аж на цаліну. Сергіевіч.
ахвярапрынашэ́нне, ‑я, н.
1. Абрад прынашэння ахвяры.
2. Тое, што прыносіцца ў ахвяру.
ахвя́рнасць, ‑і, ж.
Гатоўнасць ахвяраваць сабой.
ахвя́рнік, ‑а, м.
1. Спецыяльнае месца, спецыяльны стол або ачаг, на якім прыносіліся ахвяры бажаству.
2. Стол з левага боку алтара ў праваслаўнай царкве, прызначаны для спраўляння некаторых абрадаў.
ахвя́рны, ‑ая, ‑ае.
1. Уст. Які прыносіцца ў ахвяру. Ахвярная жывёла. Ахвярная кроў.
2. На які прыносяць ахвяры. Ахвярны агонь. Ахвярны стол.
3. перан. Гераічны, самаадданы. Ахвярны чалавек.