Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

аха́пак, ‑пка, м.

Такая колькасць чаго‑н., якую можна панесці, абхапіўшы дзвюма рукамі; абярэмак. Непадобна было, што і.. [Лінкевіч] часам нёс дадому ахапак калгаснай саломы ці канюшыны, а траплялася — і сноп. Дуброўскі. Толя ідзе да вогнішча з маленькай сякерай у руцэ і з ахапкам сушняку. Брыль. Калі паліцэйскі завярнуў на другі бок саставу, чыгуначнік з сілай адсунуў дзверы ў вагоне, схапіў у ахапак Валодзю і кінуў яго туды. Данілевіч.

ахапі́цца, ахопіцца; зак.

Заняцца з усіх бакоў агнём. Галінка адразу ахапілася полымем, разліваючы яркае святло. Сіняўскі.

ахапі́ць, ахаплю, ахопіш, ахопіць; зак., каго-што.

1. Тое, што і абхапіць.

2. Уключыць у сферу свайго дзеяння, уплыву каго‑, што‑н.

•••

Як вокам ахапіць (акінуць, агледзець, скінуць) — колькі можна ўбачыць.

ахапля́цца, ‑яецца; незак.

Зал. да ахапляць.

ахапля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.

Незак. да ахапіць.

ахарактарызава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад ахарактарызаваць.

ахарактарызава́ць, ‑зую, ‑зуеш, ‑зуе; зак., каго-што.

Даць характарыстыку каму‑, чаму‑н. Пра гэтага чалавека [Арэшкіна] Жураўскія не расказвалі, мабыць, не ведалі, а загадчык райана ахарактарызаваў коратка: «Завуч у вас вопытны». Шамякін.

ахарашы́цца, ‑рашуся, ‑рошышся, ‑рошыцца; зак.

Разм. Тое, што і абхарашыцца. Шпакі, паснедаўшы у полі, Пад скрып санлівы жураўля І перадражняць цябе ўволю, І ахарошацца здаля. Гаўрусёў.

ахарашы́ць, ‑рашу, ‑рошыш, ‑рошыць; зак.

Разм. Тое, што і абхарашыць.

ахаро́швацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.

Незак. да ахарашыцца.