Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

укі́нуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.

1. Імкліва кінуцца куды‑н., скочыць у што‑н. [Чарада авечак] рассыпалася, быццам воўк укінуўся ў яе. Лобан. Дзед укінуўся да мяне ў палукашак на выездзе з вёскі. Лужанін.

2. Разм. Упасці, уваліцца ў што‑н., падаючы ўніз. У бедных «бунтароў» і люлькі павыпадалі з зубоў на лёд, адна нават укінулася ў палонку. Колас. [Язэп:] — Думка гэта запала ў маю галаву сёння, калі я ішоў з воласці ды ўкінуўся ў канаву. Чарот.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.); перан. Нечакана ўзнікнуць, з’явіцца; імгненна распаўсюдзіцца. Укінулася хвароба. □ Агонь як у кінецца, дык выгаліць усю вёску. Сабаленка. // З’явіцца, паявіцца ў вялікай колькасці. [Маня:] — А не ўдадуцца ягады, грыбы ўкінуцца: людзі ўжо столькі іх пананошваюць ды панасушваюць, што не ведаюць, дзе дзець. Палтаран.

4. Разм. Распачаць гарачую размову, спрэчку і пад. Рабочыя адышліся на добрую адлегласць і пачалі гучную гутарку, нібы ў сварку ўкінуліся адзін з адным. Лынькоў. // Горача ўзяцца за што‑н. Вясной Пеўнік зацята ўкінуўся ў гаспадарку. Навуменка.

•••

Укінуцца ў вока — тое, што і упасці ў вока (гл. упасці).

укі́нуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., каго-што.

1. Кінуць, апусціць унутр, у сярэдзіну чаго‑н. Укінуць камень у ваду. Укінуць ліст у паштовую скрынку. □ [Іван] дастаў чамадан, сабраў свае рэчы, укінуў у мяшок інструмент, пацалаваў дачку. Гаўрылкін. // перан. Разм. Пасеяць. Картоплю садзіць пара, проса якую жменю ды грэчкі хоць трохі ўкінуць, — прыспешвалі [ўдовы і дзяды] старшыню камбеда. Грахоўскі. // перан. Разм. Уставіць, дадаць што‑н. у чыю‑н. гутарку, размову. Я паспрабаваў укінуць слова, каб крыху суцішыць струмень разгневанага красамоўства егеравай жонкі і накіраваць яго ў другі бок. В. Вольскі. Грэчка ўкінуў сваё глыбакадумнае разважанне: — Цвік малатка не баіцца. Няхай.

2. Налажыць, дабавіць чаго‑н. у што‑н. Укінуць два драбкі цукру ў чай. // Разм. Даць корму. [Маці:] — А я .. [коням] патрошку ўкінула, каб не стаялі над пустым жолабам. Чарнышэвіч.

3. Разм. Зняволіць. Укінулі ў канцлагер нас дзве групы, Куды ні глянь — кругом калючы дрот. Смагаровіч.

4. перан. Разм. Адлупцаваць. [Бухман:] — А цяпер прызнаешся? Ану, Тулуп! Укінь яму [палоннаму] яшчэ. — Зноў удары, зноў стогн. С. Александровіч.

5. Спец. Зацягнуць нітку асновы ў ніты. Укінуць ніткі ў ніты.

укіпа́ць, ‑ае.

Незак. да укіпець.

укіпе́ць, ‑піць; зак.

Разм. У часе варкі паменшыцца ў аб’ёме. Юшка ўкіпела.

укірава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак. (звычайна з адмоўем «не»).

Разм. Змагчы кіраваць кім‑, чым‑н. Не ўкіраваць коньмі.

укіса́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. укісаць — укіснуць.

укіса́ць, ‑ае.

Незак. да укіснуць.

укі́слы, ‑ая, ‑ае.

Які стаў кіслым, набыў неабходную кіслату.

укі́снуць, ‑не; пр. укіс, ‑ла; зак.

Стаць кіслым, набыць неабходную кіслату. Укісла рошчына.

укла́д 1, ‑у, Д ‑дзе, м.

1. Устаноўлены або ўсталяваны парадак, спосаб жыцця, побыту і пад. Новы ўклад жыцця. Дамашні ўклад. □ Уладзівасток па свайму рэльефу, па каларыту, па ўкладу, па духу жыцця вельмі нагадвае Севастопаль. Грахоўскі.

2. Асноўная форма, тып гаспадаркі пэўнага грамадска-эканамічнага ладу. Дробнатаварны ўклад.

•••

Сацыялістычны ўклад жыцця — сукупнасць асноўных рыс жыццядзейнасці працоўных сацыялістычнай грамадства: учынкаў і дзеянняў людзей у сферах працы, быту, адпачынку, сям’і і пад.

укла́д 2, ‑у, М ‑дзе, м.

1. Грашовая сума, каштоўнасці, пакладзеныя ў ашчадную касу або банк для захавання. Тэрміновы ўклад. Бестэрміновы ўклад.

2. перан. Што‑н. новае, вельмі важнае, унесенае ў навуку, літаратуру, грамадскую справу і пад. У XVII стагоддзі выхадцамі з Беларусі быў зроблен значны ўклад у скарбніцу матэрыяльнай і духоўнай культуры братняга рускага народа. «Звязда». // Наогул што‑н., унесенае ў агульную справу. Працоўны ўклад. □ — Ну, як? — урачыста выгукнуў [Журавенка], ловячы ў паветры ладнага акуня, што трапятаўся на кручку. — Во! Ёсць і мой уклад у юшку. Савіцкі.