укі́нуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., каго-што.

1. Кінуць, апусціць унутр, у сярэдзіну чаго‑н. Укінуць камень у ваду. Укінуць ліст у паштовую скрынку. □ [Іван] дастаў чамадан, сабраў свае рэчы, укінуў у мяшок інструмент, пацалаваў дачку. Гаўрылкін. // перан. Разм. Пасеяць. Картоплю садзіць пара, проса якую жменю ды грэчкі хоць трохі ўкінуць, — прыспешвалі [ўдовы і дзяды] старшыню камбеда. Грахоўскі. // перан. Разм. Уставіць, дадаць што‑н. у чыю‑н. гутарку, размову. Я паспрабаваў укінуць слова, каб крыху суцішыць струмень разгневанага красамоўства егеравай жонкі і накіраваць яго ў другі бок. В. Вольскі. Грэчка ўкінуў сваё глыбакадумнае разважанне: — Цвік малатка не баіцца. Няхай.

2. Налажыць, дабавіць чаго‑н. у што‑н. Укінуць два драбкі цукру ў чай. // Разм. Даць корму. [Маці:] — А я .. [коням] патрошку ўкінула, каб не стаялі над пустым жолабам. Чарнышэвіч.

3. Разм. Зняволіць. Укінулі ў канцлагер нас дзве групы, Куды ні глянь — кругом калючы дрот. Смагаровіч.

4. перан. Разм. Адлупцаваць. [Бухман:] — А цяпер прызнаешся? Ану, Тулуп! Укінь яму [палоннаму] яшчэ. — Зноў удары, зноў стогн. С. Александровіч.

5. Спец. Зацягнуць нітку асновы ў ніты. Укінуць ніткі ў ніты.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)