Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

укача́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. у што. Выкачаць, запэцкаць у што‑н. Хлопцы і дзяўчаты выходзілі .. на раку Случ, каб пакоўзацца на лёдзе, укачаць адзін аднаго ў снег, пажартаваць. Чарнышэвіч. // Качаючы, пакрыць чым‑н. сыпкім, абкачаць у чым‑н. Антось пацёр стрэптацыду, укачаў у яго бульбяныя галушкі і накарміў імі жорава. Ляўданскі.

2. Качаючыся, прымяць што‑н. Укачалі коні траву на прыгуменні.

ука́чванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. укачваць — укачаць і укачвацца — укачацца.

ука́чвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да укачацца.

2. Зал. да укачваць.

ука́чваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да укачаць.

уква́сіцца, ‑сіцца; зак.

Сквасіцца да поўнай гатоўнасці; укіснуць.

уква́сіць, уквашу, уквасіш, уквасіць; зак., што.

Заквашваючы, давесці да поўнай гатоўнасці. Уквасіць капусту.

уква́шаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад уквасіць.

уквэ́цаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад уквэцаць.

уквэ́цацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Разм. Умазацца, упэцкацца ў што‑н. Нарэшце дапаўзлі мы да хмызняку, што быў на нямецкім баку. Там падняліся ды троху абтрэсліся. .. Праўду сказаць, уквэцаліся мы як след, але ж такім часам не пра тое думаецца. Шарахоўскі.

уквэ́цаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

Разм. Умазаць, упэцкаць. Уквэцаць рукаў у фарбу. □ Карэта звярнула на Мойку. За ствол голай таполі кінуўся нейкі фацэт: каб не ўквэцала брудным снегам. Караткевіч.