узру́шаны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад узрушыць.
2. у знач. прым. Вельмі моцна ўсхваляваны. Узрушаны дзядзька Марцін выйшаў на прыгумень, кісет дастаў і стаў папяросу вярцець. Колас. — Ну, паглядзіце, што гэта за чалавек? — звяртаецца ўзрушаная прадаўшчыца да пакупнікоў. Пянкрат. // Які знаходзіцца ў прыўзнятым стане; узбуджаны. Радасны і ўзрушаны дзед Талаш абедзвюма рукамі патрос Букрэеву руку. Колас. // Які выражае такі стан. Узрушаны твар. Узрушаны выгляд. Узрушаны голас.
узруша́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.
Незак. да узрушыцца.
узруша́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да узрушыць (у 2 знач.).
узру́швацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.
Незак. да узрушыцца.
узру́шваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да узрушыць.
узру́шыцца, ‑шуся, ‑шышся, ‑шыцца; зак.
Моцна ўсхвалявацца; устрывожыцца. — Як жа гэта так? — узрушылася бабка: — За што такая няласка, такое пакаранне? Колас. [Маша] зноў узрушылася і так моцна, што рука з пісьмом апусцілася ў знямозе. Мележ.
узру́шыць, ‑шу, ‑шыш, ‑шыць; зак.
1. каго. Вельмі моцна ўсхваляваць; устрывожыць. Максіму шмат разоў пісалі пра гераічную смерць бацькі, але напамінак маці неяк асабліва ўзрушыў яго. Шамякін. Над .. балотам аж стогнуць канюхі. .. Узрушыў іх нехта, носяцца, выпрастаўшы крылы. Пташнікаў. Хто ж такі Мартын Рыль, чый арышт узрушыў новага войта? Колас. Песня з-за сцяны ўзрушыла мяне, давяла да нейкай унікальнай хваробы, якую ніякі доктар не адгадае і не вылечыць. Дуброўскі.
2. што. Разм. Узрыхліць, узварушыць паверхню чаго‑н. Узрушыць зямлю па градах. Вецер узрушыў гладзь возера. // перан. Пазбавіць устойлівасці, трываласці; пахіснуць. Хіба не магло так здарыцца, што сярод .. [бальшавікоў] убачылі б мы і Пуліхава, калі б толькі да дзён, што ўзрушылі свет, яму выпала дажыць!.. Мехаў.
узрушэ́нне, ‑я, н.
Стан паводле знач. дзеясл. узрушыцца; душэўны ўздым, хваляванне. Узрушэнне, выкліканае незвычайнасцю навіны, паступова сплыло. Навуменка. Адразу, як толькі Васіль ступіў на .. перон, яго агарнула радаснае ўзрушэнне. Мележ. Якімі дарагімі паўсталі цяпер у памяці гады вучобы! Здаецца, [не было] ніякіх ні ўзрушэнняў, .. ні турбот. Сабаленка.
узрыва́льнік, ‑а, м.
Прыстасаванне ў міне, снарадзе і пад., якое выклікае выбух, узрыў. Спачатку .. [Аўгіння] баялася, але Мікола пераканаў, што снарады абясшкоджаны — у іх няма ўзрывальнікаў. Новікаў.
узрыванебяспе́чны, ‑ая, ‑ае.
Які лёгка ўзрываецца; небяспечны з-за магчымасці ўзрыву. Узрыванебяспечны газ.