Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

узо́рвацца, ‑аецца; незак.

Зал. да узорваць.

узо́рваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да узараць.

узо́рнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць узорнага. Узорнасць паводзін. Узорнасць вышыўкі.

узо́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Які можа служыць прыкладам для іншых; дасканалы, паказальны. Узорны парадак. Узорная школа. □ — Дзякуй, дачка, за ўзорную службу, — па-бацькоўску павіншаваў .. [Кацю] генерал. Алешка. Куды ні зірні: на кухню, дзе рыхтуецца корм жывёле, у кароўнік, у цялятнік — усюды ўзорная чыстата і парадак. «Беларусь».

2. Разм. Тое, што і узорысты. Жалеза з узорным ліццём Абнесла тут ліпы і клёны. Калачынскі. Узорную лістоту ясеня суха трос вецер. Савіцкі.

узо́рыстасць, ‑і, ж.

Уласцівасць узорыстага.

узо́рысты, ‑ая, ‑ае.

Аздоблены ўзорамі, з узорамі. Дом быў невялікі, .. з блакітнымі аканіцамі, з узорыстымі ліштвамі. Шахавец. На хвілінку [Мікола] спыніўся, глянуў на каляіну, выціснутую на абочыне ўзорыстымі шынамі матацыкла. Б. Стральцоў. Вокны былі завешаны доўгімі, аж да падлогі, узорыстымі фіранкамі. Дуброўскі.

узра́даванасць, ‑і, ж.

Уласцівасць і стан узрадаванага. — Кастусь? — Ні ўзрадаванасці, ні здзіўлення не было ў .. голасе [Яніны]. Марціновіч.

узра́даваны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад узрадаваць.

2. у знач. прым. Поўны радасці. Супраць гэтага і я нічога не маю, — сказаў ўзрадаваны Лабановіч. Колас. Потым узрадаваныя бацькі павялі гасцей у хату. Машара. // Які выражае радасць. — А, дзве пані! — пачула пані Свідэрская над галавою незнаёмы і, здавалася, узрадаваны голас. Паслядовіч. На вуліцы сабралася многа людзей, і твары ва ўсіх былі светлыя, узрадаваныя. Бяганская.

узра́давацца, ‑радуюся, ‑радуешся, ‑радуецца; зак.

Прыйсці ў радасны стан; абрадавацца. — Гэта выхад!.. — як адкрыццю ўзрадаваўся Максім Сцяпанавіч. Карпаў. Кірык так узрадаваўся бацькаваму заказу, што нават і абедаць не скончыў — памчаўся драць лазу. Ляўданскі.

узра́даваць, ‑радую, ‑радуеш, ‑радуе; зак., каго.

Выклікаць у каго‑н. пачуццё радасці; абрадаваць. Сустрэча з незнаёмым чалавекам у незнаёмым лесе .. [Язэпа] і ўзрадавала, і ўстрывожыла. Якімовіч. Па яе твары бачу, што наша паяўленне цётку Марыну не вельмі ўзрадавала. Асіпенка.