Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

узмацні́цца, ‑моцніцца; зак.

1. Павялічыцца ў сіле, стаць больш інтэнсіўным (пра вецер, дождж і пад.). Я адчуў, што сапраўды вецер узмацніўся, і пад яго павевамі звініць сухое .. лісце на маладых дубках. Навуменка. На дварэ зусім праяснілася, мароз узмацніўся, і вясёлыя зоркі ўсеялі ўсё неба. Чарнышэвіч.

2. Стаць больш выразным у сваім праяўленні, больш інтэнсіўным (пра якія‑н. уласцівасці, якасці, працэсы). Па шашы каля возера яшчэ болей узмацніўся рух. Броўка. Спачатку Андрэй трываў. Але зуб не хацеў сціхаць. Закурыў — не перастае, залажыў ватку, змочаную ў адэкалоне, — боль толькі ўзмацніўся. Хадановіч. / Пра гукі, голас і пад. Потым выразней пачуліся гукі — чуфффы, чушш! — і ўзмацніліся так, што лёгка можна было распазнаць заўзятую бойку. Маўр. / Пра думкі, пачуцці і пад. Інстынктыўна недавер да Віктара яшчэ больш узмацніўся. Машара. // Стаць больш актыўным па характару працякання, ажыццяўлення; набыць большую выразнасць. Асабліва ўзмацніліся ў зборніку [А. Вярцінскага] «Тры цішыні» тыя роздумнасць і філасафічнасць, якія ў першай кнізе досыць выразна адчуваліся толькі ў лічаных творах. Бугаёў.

3. Стаць больш моцным, эфектыўным, дзейсным (пра ваенныя дзеянні). Атака ўзмацнілася. □ Агонь варожай артылерыі ўзмацніўся. Кавалёў.

4. Папаўняючыся, стаць больш баяздольным. Часці ўзмацніліся новымі байцамі. // Стаць больш магутным, уплывовым (у эканамічных, палітычных і пад. адносінах). Пасля вядомай Крэўскай уніі 1385 г. узмацніліся палітычныя, гаспадарчыя і культурныя сувязі паміж беларусамі і палякамі. Гіст. лекс. бел. мовы.

узмацні́ць, ‑мацню, ‑моцніш, ‑моцніць; зак., што.

1. Павялічыць трываласць чаго‑н., умацаваць што‑н. [Алесь:] — Мы ўзмоцнім перамычку на канале, які злучае азярцо .. з возерам Доўгім. Броўка.

2. Зрабіць больш моцным па ступені праяўлення, павялічыць. Узмацніць гук, Узмацніць уражанне. □ Стары алень узмацніў націск. Яшчэ хвіліна, і малады алень адскочыў убок, потым павярнуўся і кінуўся раптам наўцёкі. В. Вольскі. / Пра думкі, пачуцці і пад. Тая акалічнасць, што Цётка, Янка Купала, Якуб Колас самі былі сведкамі і ўдзельнікамі рэвалюцыйных падзей, узмацніла іх веру ў народ. Каваленка. // Надаць большую выразнасць, яркасць чаму‑н. (мастацкаму вобразу і пад.). Той жа мэце — паўней рэалізаваць задуму, узмацніць эмацыянальную дзейнасць твора — служыць і інтанацыйнае багацце верша. Гіст. бел. сав. літ.

3. Зрабіць больш моцным, дзейсным, эфектыўным (пра ваенныя дзеянні). Артылерыя ўзмацніла агонь. □ У тыле ворага беларускія партызаны ўзмацнілі ўдары па ворагу. «Маладосць».

4. Павысіць баяздольнасць чаго‑н. Узмацніць гарнізон. □ Ліда прынесла нярадасную вестку: ахову лагера, дзе знаходзіўся Мікола, узмацнілі. Федасеенка. — Падняць усіх, узмацніць пасты, — загадаў начальнік заставы. Пальчэўскі. // Зрабіць больш магутным, больш уплывовым (у эканамічных, палітычных і іншых адносінах). Узмацніць сацыялістычную дзяржаву. □ [Серафім:] — Аднак гэта [арышты членаў КПЗБ] не пахіснула рады партыі, а, наадварот, узмацніла. Машара.

5. Актывізаваць (чыю‑, якую‑н. дзейнасць, работу і пад.); палепшыць. Узмацніць выхаваўчую работу. □ Каб узняць узровень лекцыйнай прапаганды, патрэбна ўзмацніць дапамогу лектарам, праводзіць з імі семінары, .. абагульняць вопыт лепшых. «Звязда».

узмацня́льнік, ‑а, м.

Прылада, прыстасаванне для павелічэння сілы, магутнасці, напружання чаго‑н. Узмацняльнік электрычнага току.

узмацня́льны, ‑ая, ‑ае.

Які служыць, прызначаны для ўзмацнення, павелічэння чаго‑н. Узмацняльная электронная лямпа. Узмацняльнае адценне суфікса.

узмацня́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; незак.

1. Незак. да узмацніцца.

2. Зал. да узмацняць.

узмацня́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.

Незак. да узмацніць.

узме́жак, ‑жка, м.

Край мяжы; мяжа. З агародаў на росныя ўзмежкі выкочваліся пярэстыя і доўгія .. гарбузы. Адамчык. На ўзмежках палеткаў чырванеюць буйныя ягады шыпшыны. Брыль. / у перан. ужыв. Шмат новага адкрывае сёння навука якраз на ўзмежках, што раздзялялі дагэтуль фізіку і хімію, біялогію і фізіку, фізіку і медыцыну і інш. Лойка.

узме́жжа, ‑а, н.

Неўзараная зямля паміж палеткамі. Іду па ўзмежжы, калоссе шуміць. Машара. А ў сад зайдзі ўзмежжам да рабін — Гараць, ірдзеюць на марозе. Пысін. / у перан. ужыв. І дух слабеў на цёмным узмежжы, — Але жыццё перамагло. Жылка.

узме́жны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да ўзмежка, узмежжа, расце на ўзмежку, узмежжы. Ад шэлесту лісцяў узмежных ігруш Музычнае водгулле ў песню лілося. Купала.

узмо́р’е, ‑я, н.

Марское ўзбярэжжа, а таксама мора каля берага. Быў ціхі вечар, калі тры падарожнікі падышлі балотам да ўзмор’я. Самуйлёнак. Бацька, стары неапалітанскі рыбак, меў лодку, на якой не столькі рыбачыў, колькі катаў на ўзмор’і турыстаў. Лынькоў.